Белорусский портал в Казахстане

Першую аперацыю па эндапратэзаванні з устаноўкай эндапратэзу каленнага сустава выканалі па бюджэтнай праграме ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска



Аб гэтым паведаміў намеснік галоўнага ўрача па траўматолага-артапедычнай дапамозе 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Станіслаў Траццяк, які правёў у БХМД паказальную аперацыю.

«Важным аспектам аказання планавай медыцынскай дапамогі з’яўляецца яе даступнасць. Што тычыцца эндапратэзавання буйных суставаў, мы стараемся правесці нейкую дэцэнтралізацыю, каб не назапашваць аказанне дапамогі ў адным месцы (маю на ўвазе Гарадскі клінічны цэнтр траўматалогіі і артапедыі на базе 6-й гарадской клінічнай бальніцы). Такія аперацыі павінны выконвацца ў некалькіх установах горада Мінска», — сказаў Станіслаў Траццяк.

Сумеснымі намаганнямі медыкаў 6-й бальніцы і БХМД сёння выканана аперацыя па ўстаноўцы каленнага сустава пацыенту 77 гадоў. Па словах намесніка галоўнага ўрача, падобную аперацыю ў бліжэйшы час плануецца правесці ў 11-й гарадской клінічнай бальніцы, каб і там укараніць гэты від планавай артапедычнай дапамогі.

«У сувязі з пастаўленай задачай па ліквідацыі чаргі на пратэзаванне каленных і тазасцегнавых суставаў БХМД падключылася да гэтага праекта і сёння выканана першае аператыўнае ўмяшанне», — сказаў загадчык траўматалагічнага аддзялення № 2 БХМД Пётр Варабей. Ён удакладніў, што аперацыя прайшла паспяхова. Пацыент адчувае сябе здавальняюча. У бліжэйшы час будзе выпісаны на этап рэабілітацыі.

Па словах галоўнага ўрача БХМД Вольгі Святліцкай, у бальніцы выконваецца экстранае эндапратэзаванне тазасцегнавых суставаў, і такіх аперацый досыць шмат. «Мы ўдзельнічалі ў пілотным праекце выхаднога дня. Да нас звярталіся людзі, якія хацелі перасадзіць тазасцегнавыя суставы за свае ўласныя сродкі. У суботу і нядзелю ў сярэднім мы эндапратэзаваць па тры сустава», — сказала яна. І дадала, што цяпер медыкі будуць займацца таксама планавым эндапратэзаваннем каленнага сустава з выкарыстаннем мадэляў айчыннай вытворчасці.

Звязда, 19 снежня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/69/71833
Текущая дата: 18.11.2024