Белорусский портал в Казахстане

Развітанне са Змітром Саўкам пройдзе 11 красавіка ў сталічным касцёле Святой Тройцы на Залатой Горцы



Цырымонія адбудзецца з 11.00 да 13.00, затым пройдзе пахаванне на Заходніх могілках у пасёлку Азярцо пад Мінскам.

Вядомы беларускі мовазнаўца памёр на 51-м годзе ад анкалагічнага захворвання.

Зміцер Саўка нарадзіўся 26 ліпеня 1965 года ў Мінску. Удзельнічаў у моладзевым грамадскім аб`яднанні "Беларуская майстроўня" (1979—1984). Аўтар кніг "Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія" (у суаўтарстве з Вітаўтам Кіпелем; Нью-Ёрк — Мінск, 2002 год) і "Беларускі клясычны правапіс" (у суаўтарстве з Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Змітром Санько; Вільня — Мінск, 2005 год).

Саўка быў адным з аўтараў праграмы "Моўнік", якая выходзіла на тэлеканале "Белсат". У 2015 годзе разам з моўнай службай "Белсата" і пры актыўнай дапамозе валанцёраў стварыў моўны анлайн-сэрвіс "Добрапіс".

БелаПАН
Мінск, 10 красавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/695/35198
Текущая дата: 15.11.2024