Белорусский портал в Казахстане

Партыя БНФ заклікае ўрад абмежаваць паток мігрантаў у Беларусь з Сірыі



Адпаведная заява прынята 19 сакавіка на сойме арганізацыі ў Мінску.

У дакуменце адзначаецца, што за час вайны ў Сірыі ў Беларусь прыбыло больш за 300 бежанцаў з гэтай краіны. "Урад Беларусі вядзе інтэнсіўныя перамовы з Упраўленнем вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у кірунку павелічэння патоку перамяшчэння асоб сірыйскага паходжання, якім прадастаўляецца жыхарства ў Беларусі, — гаворыцца ў ім. — Адначасова прымаюцца заканадаўчыя захады ў кірунку спрашчэння атрымання статусу бежанца і прыстанішча ў Беларусі. Нягледзячы на тое што колькасць прынятых мігрантаў пакуль невялікая, створаны прэцэдэнт і рыхтуецца прававая база для перамяшчэння ў Беларусь вялікіх груп з Сірыі".

Таксама партыя адзначае, што большасць мігрантаў з Сірыі прыбывае ў Беларусь з тэрыторыі тых краін, дзе для іх ужо няма пагрозы для жыцця і бяспекі. Адзначаецца пры гэтым, што Беларусь прымае вялікую колькасць бежанцаў з Украіны.

Партыя БНФ лічыць, што дэмаграфічны крызіс у Беларусі, выезд за мяжу на працу вялікай колькасці суайчыннікаў, а таксама "не да канца сфарміраваная нацыянальная самасвядомасць" беларусаў з`яўляюцца фактарамі, пры якіх "недапушчальнае масавае прыняцце эканамічных мігрантаў з іншага цывілізацыйнага кола".

Партыя БНФ патрабуе спыніць "практыку запрашэння ў краіну мігрантаў, якія не маюць рэальнай неабходнасці ў прытулку і пераразмяркоўваюцца ў Беларусь з краін, дзе не маюць пагроз сваёй асабістай бяспецы".

Партыя БНФ лічыць мэтазгодным, каб урад накіроўваў бюджэтныя сродкі на заахвочванне вяртання суайчыннікаў з-за мяжы. Арганізацыя прапаноўвае распрацаваць і прыняць закон "Аб пасведчанні (карце) суайчынніка", які з`яўляецца спосабам абароны правоў такіх асоб, а таксама садзейнічае працэсу вяртання іх на радзіму, як гэта робяць Польшча і Венгрыя.

Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў прапаноўвае Беларусі падзяліць цяжар адказнасці і клопату за сірыйскіх бежанцаў. Пра гэта заявіў журналістам 18 лютага ў Гомелі прадстаўнік УВКБ ААН у Беларусі Жан-Іў Бушардзі.

Паводле яго слоў, у канцы сакавіка пройдзе сустрэча на высокім узроўні з прадстаўнікамі многіх краін, якую арганізуе УВКБ ААН, і адна з мэтаў сустрэчы — заклікаць урады дзяржаў падзяліць цяжар адказнасці і клопату за вымушаных мігрантаў — бежанцаў з Сірыі. На гэту сустрэчу будзе запрошана і Беларусь. "Мы спадзяемся, што вынікам гэтай сустрэчы будзе праграма, у рамках якой дапамогу ў Беларусі змогуць атрымаць бежанцы з Сірыі, можа, пяцьдзясят ці сто бежанцаў", — адзначыў прадстаўнік УВКБ ААН.

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі, у адрозненне ад краін Еўрасаюза, не назіраецца вялікага прытоку бежанцаў з Сірыі. Пры гэтым прадстаўнік УВКБ ААН падкрэсліў, што Беларусь досыць добра справілася з праблемай — наплывам перасяленцаў з Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, якія прыехалі ў 2014—2015 гадах, а гэта больш за 160 тысяч чалавек. Гэтыя людзі не атрымалі статусу бежанцаў, але ім была аказана дадатковая абарона. "Ім была неабходна дапамога, на фоне таго, што такі наплыў быў істотным цяжарам для самой сістэмы, якая павінна была зрэагаваць на прыезд людзей", — дадаў Бушардзі.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 19 сакавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/697/34830
Текущая дата: 15.11.2024