Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 27 красавіка пасля нарады ў прэзідэнта па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства.
"Сёння абмяркоўвалася пытанне аптымальнай даты выбараў. Прэзідэнт пагадзіўся, што гэта 11 верасня, — цытуе Ярмошыну агенцтва БелТА. — Выбарчая кампанія павінна пачацца не пазней за 10 чэрвеня, аднак кіраўнік дзяржавы пагадзіўся, што выбары павінны быць прызначаныя (падпісаны адпаведны ўказ аб прызначэнні даты выбараў ) крыху раней. Таму плануецца, што выбарчая кампанія будзе распачатая на тры дні раней за межавы тэрмін, а менавіта 7 чэрвеня гэтага года, а 8 чэрвеня Цэнтральная камісія плануе зацвердзіць план арганізацыйных мерапрыемстваў, бюджэт выбараў, межы выбарчых акругаў".
Паводле слоў Ярмошынай, да гэтага часу ЦВК будзе "стрыманая ў сваіх дзеяннях". "Адзінае мерапрыемства, якое плануе Цэнтральная камісія, — гэта зацвярджэнне метадычных рэкамендацый, на аснове якіх будуць працаваць ўчастковыя, тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі. Усё гэта мы плануем зрабіць у сярэдзіне мая, каб да пачатку выбарчай кампаніі ўсе арганізатары выбараў, патэнцыйныя кандыдаты ўжо валодалі дакументамі, якімі будзе рэгулявацца выбарчы працэс", — сказала старшыня Цэнтрвыбаркама.
У гэтых дакументах "будуць часткова ўлічаныя прапановы АБСЕ, выпрацаваныя пасля назірання за выбарамі прэзідэнта Беларусі", дадала Ярмошына.
Мяркуецца, што выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу пройдуць з 18 чэрвеня па 18 верасня гэтага года, яны праводзяцца паэтапна ў трохмесячны перыяд. "Кожная вобласць і горад Мінск вызначаюць самастойна даты правядзення сходаў дэпутатаў, дзе будуць абірацца члены Савета Рэспублікі. Супадае толькі перыяд, які вызначае закон і на працягу якога ажыццяўляюцца выбары на тэрыторыі кожнага рэгіёна", — растлумачыла старшыня ЦВК.
Яна нагадала, што выбары ў абедзве палаты парламента прызначае прэзідэнт.
На сённяшняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што парламенцкія выбары павінны прайсці ў дэмакратычнай і свабоднай атмасферы, "як у нас заўсёды было". Ён дапусціў магчымасць прымянення падчас выбарчай кампаніі некаторых рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, але заклікаў не ўлічваць прапановы, "якія супярэчаць інтарэсам беларускага народа".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 27 красавіка 2016
Мінск, 27 красавіка 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/700/35342
Текущая дата: 28.12.2024