Белорусский портал в Казахстане

Праект "Кветкі Вялікай Перамогі" можа пайсці з Беларусі ў іншыя краіны СНД



Такое меркаванне выказала 28 красавіка міністр інфармацыі Лілія Ананіч, якая прымае ўдзел у міжнародным форуме "Вялікая Перамога, здабытая адзінствам".

Як адзначыла міністр, праект "Кветкі Вялікай Перамогі", які стартаваў у год 70-годдзя Вялікай Перамогі па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, фактычна з`яднаў нацыю ў адзіным парыве выказаць словы павагі тым, хто цаной свайго жыцця спрабаваў адстаяць родную зямлю.

"Гэту Перамогу мы атрымалі разам, і праекты па гэтай тэме павінны прадаўжацца. Магчыма, свае "Кветкі Перамогі" з`явяцца і ў іншых краінах Садружнасці", - выказала меркаванне яна. Паводле слоў Ліліі Ананіч, сімвалічна, што міжнародны форум у гэтым годзе праводзіцца ў Беларусі - краіне, якая ведае цану міру, заваяванаму ў Вялікай Айчыннай вайне.

"Менавіта тут, на беларускай зямлі, фашысцкія захопнікі адчулі ўсю моц савецкага народа, - заўважыла яна. - Менавіта адзінства нашых краін выратавала свет ад фашызму". Кіраўнік ведамства звярнула ўвагу, што Беларусь сваёй міралюбівай палітыкай дэманструе імкненне жыць у добрасуседстве з усімі дзяржавамі.

"Вельмі важна, каб Вялікая Перамога заставалася на стагоддзі фундаментам будаўніцтва суверэннай Беларусі, фундаментам выхавання падрастаючага пакалення, паколькі сведак той вайны, на жаль, становіцца ўсё менш і менш", - сказала яна.

Лілія Ананіч таксама лічыць важным, каб пасылы форуму пераможцаў, які праходзіць у Мінску, былі пачуты за межамі Беларусі. "Важна быць разам, адстойваючы гістарычную праўду, даваць адпор фальсіфікатарам Вялікай Перамогі", - заўважыла яна.

На думку міністра, Беларусь у гэты плане заўсёды падавала добры прыклад, што відаць у шматлікіх выдавецкіх праектах, рабоце СМІ, стаўленні да гістарычнай спадчыны і памяці аб вайне.

"Патрыятызм павінен праяўляцца ў справах, у любові да сваёй краіны, ва ўшаноўванні старэйшых пакаленняў. Самае галоўнае - жыць у міры", - пераканана міністр. Форум "Вялікая Перамога, здабытая адзінствам" праходзіць у Мінску з 27 па 29 красавіка.

На форуме стартаваў новы этап рэспубліканскага патрыятычнага праекта БРСМ "Кветкі Вялікай Перамогі". У прыватнасці, арганізаваны тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі, якія расказваюць аб падзеях часоў Вялікай Айчыннай вайны. Прайшла прэзентацыя брэсцкага ваенна-патрыятычнага клуба "Гарнізон", што аб`яднаў людзей розных узростаў і прафесій. Удзельнікі клуба прадставілі фотаальбомы з пошукавых экспедыцый, макеты зброі (ПКШ-41, МР-40, вінтоўка Мосіна), іншыя знойдзеныя артэфакты (кулі, гільзы, абмундзіраванне), фотавыстаўку "Кадры Перамогі".

Мерапрыемствы праекта будуць праходзіць да 3 ліпеня па ўсёй краіне. Цэнтральным з іх стане опэн-эйр "Кветкі Вялікай Перамогі", у час якога 8 мая на Кастрычніцкай плошчы Мінска разгорнецца маштабная разнапланавая інтэрактыўная экспазіцыя. Плануецца арганізаваць тэматычныя пляцоўкі-прэзентацыі ад кожнай вобласці і Мінска, тэатралізаваныя пастаноўкі, перасовачныя музейныя экспазіцыі, выстаўкі рэканструяванай і адноўленай ваеннай тэхнікі, рэтрааўтамабіляў.

28 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/700/35431
Текущая дата: 28.12.2024