Белорусский портал в Казахстане

«Сын свабоды, гонар Беларусі»: ладзіцца конкурс у гонар Касьцюшкі



Берасьцейская культурна-асьветніцкая ініцыятыва «Грунт» абвясьціла конкурс з нагоды 270-х угодкаў нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі.

На конкурс «Сын свабоды, гонар Беларусі» прымаюцца мастацкія і дызайнэрскія выявы, якія павінны адпавядаць заяўленай тэме.

Як распавёў кіраўнік ініцыятывы «Грунт» Віктар Клімус, конкурс вырашана зладзіць дзеля папулярызацыі імя Тадэвуша Касьцюшкі:

«Імя Тадэвуша Касьцюшкі мае велізарнае значэньне ня толькі для гісторыі Беларусі, але і для сучаснай прэзэнтацыі краіны. У нас шмат нацыянальных герояў — асобаў, якіх ведаюць і паважаюць беларусы. Але, натуральна, значна меней тых беларускіх імёнаў, якіх ведаюць і шануюць у іншых, нават зусім далёкіх ад нас краінах. Генэрал Тадэвуш Касьцюшка — гэта постаць агульнай гісторыі чалавецтва: герой розных кантынэнтаў, рамантык, адданы ідэям свабоды і справядлівасьці».

Выява будзе выкарыстоўвацца на сувэнірнай прадукцыі, інфармацыйных буклетах і стэндах, у электронным і друкаваным выглядзе.

Прызавы фонд конкурсу, распавёў Віктар Клімус, — 200 даляраў. Абраныя да конкурсу выявы будуць выстаўленыя для азнаямленьня ў берасьцейскім культурным цэнтры «Грунтоўня», а таксама на адмысловых старонках у сацыяльных сетках. Падрабязьней пра ўмовы можна даведацца на старонцы конкурсу ў Фэйсбуку.

Тадэвуш Касьцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 году. Вядомы як змагар за свабоду ЗША, Францыі, Рэчы Паспалітай. У 1794 годзе ўзначаліў паўстаньне за незалежнасьць Рэчы Паспалітай. У шмат якіх гарадах сьвету ёсьць помнікі Тадэвушу Касьцюшку, яго імя носяць вуліцы, школы, нават найвышэйшая гара Аўстраліі.

У Беларусі штогод 4 лютага — на дзень народзінаў Касьцюшкі — дыпляматы, прадстаўнікі ўладаў ды грамадзкасьці зьбіраюцца на ўрачыстасьці ў Марачоўшчыне пад Косавам, дзе нарадзіўся і быў ахрышчаны змагар за свабоду.

Радыё Свабода 
Менск, 21 красавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/701/35275
Текущая дата: 28.12.2024