Аб гэтым паведаміў генерал-маёр Юрый Караеў, камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Беларусі.
Хто будзе ахоўваць АЭС?
Юрый Караеў таксама адзначыў, што ўжо створана вайсковая часць 7434, якая будзе выконваць задачы па ахове атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Ужо зацверджаны штат. Яе камандзірам прызначаны падпалкоўнік Віктар Жадобін. Зараз ідзе адбор ваеннаслужачых. Усе кандыдаты праходзяць абавязковае тэсціраванне. Тым часам будуюць і ваенны гарадок, які будзе ўключаць усё самае неабходнае: адміністрацыйны будынак, спартыўны комплекс, салдацкую сталоўку, аўтамабільны парк, клуб...
— Часць ужо падрыхтавана дзесьці на 70 працэнтаў, — кажа камандуючы. — І мы плануем, што ў гэтым верасні пачнём засяляцца, ахоўваць аб`ект да таго моманту, калі на станцыю пачнуць завозіць ядзернае паліва. Прыём аб`ектаў пад ахову запланаваны на красавік 2017-га, а завяршэнне фарміравання часці — на верасень будучага года.
З-за асаблівасцяў выканання задач па ахове АЭС штатныя вайсковыя званні ўведзеных пасад будуць на прыступку вышэйшымі ў параўнанні з аналагічнымі пасадамі ў другіх часцях. Грашовае забеспячэнне таксама будзе разлічвацца па больш высокім разрадзе.
«Вайскоўцы атрымалі якасныя кватэры»
Камандуючы выказаўся наконт паляпшэння жыллёвых умоў для вайскоўцаў. Літаральна на днях у эксплуатацыю ўвялі новы жылы шматпавярховы дом на тэрыторыі часці 5448.
— Адразу 132 сям`і вайскоўцаў мінскага гарнізона атрымалі ключы ад кватэр гэтага дома, — кажа Юрый Караеў. — Мы разам з міністрам унутраных спраў, першым намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, генеральным дырэктарам МАПІДа агледзелі дом. Аддзелачныя работы выкананы якасна. Для службовага жылля кватэры там вельмі добрыя. Дарэчы, сёлета, у ліпені, мы плануем здаць у эксплуатацыю яшчэ кааператыўны жылы дом.
Летась ваеннаслужачыя ўнутраных войск удзельнічалі больш чым у тысячы спецыяльных комплексных і масавых мерапрыемстваў. І нягледзячы на тое, што патрульныя падраздзяленні на службу аховы грамадскай бяспекі ў параўнанні з папярэднім годам выдзяляліся радзей (4 разы на тыдзень), колькасць затрыманых за адміністрацыйныя правапарушэнні (каля 70 тысяч) і па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства (больш за 900), засталася прыкладна на адным узроўні.
Летась вайскоўцы, якія займаюцца канваіраваннем і аховай зняволеных, канфіскавалі больш за 200 колюча-рэжучых прадметаў. З дапамогай службовых сабак, якія з 2015 года дапамагаюць у праверцы карэспандэнцыі, што дастаўляюць спецкантынгенту, у чатырох выпадках выявілі рэчывы, якія ў выніку экспертыз аказаліся наркотыкамі.
У 2015 годзе сапёрна-піратэхнічныя групы ўнутраных войск выязджалі 4800 разоў на паведамленні аб устаноўцы альбо выяўленні выбуховых рэчываў. У выніку выяўлена і абясшкоджана 3200 мін, снарадаў, гранат і іншых выбуховых прылад.
«За парадкам на трыбунах няхай сочаць сцюарды»
— Вайскоўцы ўнутраных войскаў нясуць службу ў тым ліку на стадыёнах падчас футбольных матчаў. А як вы ставіцеся да прапановы замяніць міліцыю на трыбунах валанцёрамі? — звярнуўся з пытаннем да камандуючага карэспандэнт «Звязды».
— Стаўлюся да гэтага станоўча. Няхай арганізатары на матчах самі забяспечваюць парадак на стадыёнах. Тым больш ёсць прыклад Заходняй Еўропы, дзе за парадкам падчас матчаў сочаць сцюарды, якія больш тонка ведаюць спартыўныя традыцыі і фанацкія рухі. Я не супраць. У сваю чаргу я выконваю распараджэнні і заяўкі органаў унутраных спраў. Але пакуль няма альтэрнатывы, я не думаю, што мне хутка скажуць перакінуць сілы на іншы кірунак дзейнасці. Аднак я не супраць падобнага. Тым больш калі гэта дазволіць сэканоміць дзяржаўныя сродкі.
— Многіх хлопцаў не прызываюць у войска па стане здароўя. Раней сітуацыя была зусім іншай. Служылі амаль усе. Вы сутыкаецеся з гэтай праблемай?
— Так, і з ёй сутыкаюцца ўсе. Безумоўна, кожны камандзір хоча, каб да яго прыйшлі суперсалдаты. Але экалогія, урбанізацыя, камп`ютарызацыя паслабляе здароўе прызыўнікоў. Іх стан здароўя адстае ад старых кансерватыўных патрабаванняў, якія засталіся ў загадах па медыцынскіх патрабаваннях. Планка здароўя зніжаецца. Але сённяшнія хлопцы нічым не горшыя. Мы навучыліся дазіраваць нагрузкі. Цяпер няма марш-кідкоў на 50 кіламетраў. І зброя лягчэйшая, і рыштунак стаў камфортным. Пры гэтым у нас няма недахопу ў прызыўніках. Укамплектаванасць — стапрацэнтная. І нават ёсць невялікі рэзерв.
У камандуючага таксама спыталіся пра павышэнне пенсійнага ўзросту.
— Служба бывае вельмі складанай: тайга, крайняя Поўнач, пастаянныя пераезды. Але тайгі і крайняй Поўначы ў Беларусі няма. Знаходзімся ў камфортных умовах. І з усіх палкоўнікаў, якія ў нас служаць, толькі адзін напісаў рапарт аб тым, што хоча ісці працаваць на цывільную службу. Усе астатнія вырашылі прадоўжыць знаходжанне ў войсках. Многія хочуць служыць, і дзяржава іх падтрымлівае. Хочаце — служыце, але на законных умовах, не звыш гранічнага ўзросту.
Аўтар: Тарас Шчыры
Аўтар: Тарас Шчыры
taras@zviazda.by
Звязда, 19 сакавіка 2016
Звязда, 19 сакавіка 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/706/34881
Текущая дата: 27.12.2024