Белорусский портал в Казахстане

Намеснік кіраўніка МЗС: Большасць насельніцтва Беларусі па-ранейшаму падтрымлівае захаванне смяротнай кары



Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне.

Большасць насельніцтва Беларусі па-ранейшаму падтрымлівае захаванне ў краіне смяротнай кары, заявіў намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў на міжнароднай канферэнцыі "Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў", якая праходзіць 10 сакавіка ў Мінску.

"Як усім нам добра вядома, большасць беларускіх грамадзян на рэферэндуме 1996 года выказалася за захаванне смяротнага пакарання. І неаднаразовыя сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся, сведчаць пра тое, што смяротнае пакаранне па-ранейшаму па-рознаму ўспрымаецца ў грамадстве і па-ранейшаму маецца большасць прыхільнікаў яго захавання. Намі гэты факт ігнаравацца не можа і не будзе, у тым ліку і ў кантэксце нашага дыялогу з нашымі вельмішаноўнымі еўрапейскімі партнёрамі", — заявіў Рыбакоў.

Ён нагадаў, што ў айчынным заканадаўстве замацаваны часовы характар прымянення смяротнай кары, і адзначыў, што ў краіне пры ўжыванні пакаранняў дзейнічаюць больш жорсткія абмежаванні, чым устаноўленыя для смяротнага пакарання ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

"Наша краіна займае на міжнароднай арэне ўзважаную пазіцыю па пытанні прымянення смяротнай кары. Пры разглядзе Генасамблеяй ААН пытання пра мараторый на смяротную кару мы традыцыйна ўстрымліваемся пры галасаванні", — сказаў Рыбакоў.

Намеснік міністра адзначыў, што Беларусь гатова абмяркоўваць пытанні смяротнага пакарання, але "рашэнне любых праблем варта шукаць не ў плоскасці канфрантацыі, а шляхам паважлівага дыялогу, улічваючы асаблівасці і нацыянальныя інтарэсы краіны".

Канферэнцыя арганізаваная прадстаўніцтвам ААН у Беларусі пры фінансавай падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі. Сярод удзельнікаў мерапрыемства — спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс, спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня камітэта па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі Карал Шварцэнберг, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха і шэраг замежных экспертаў.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне. З гэтай прычыны Беларусь таксама з`яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прысудаў, прычым два апошнія — з пачатку 2016 года. Адзін з іх быў вынесены 15 лютага, у дзень зняцця Еўрасаюзам санкцыяў у дачыненні да Беларусі, нягледзячы на тое што ў рашэнні Савета ЕС аб зняцці санкцый асобным радком гаворыцца пра неабходнасць увядзення мараторыя на смяротную кару як першага кроку да яе поўнай адмены.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 10 сакавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/708/34625
Текущая дата: 26.12.2024