Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі няма перадумоў і прыкмет замежнай арганізаванай тэрарыстычнай дзейнасці



Аб гэтым заявіў начальнік контртэрарыстычнага ўпраўлення КДБ Беларусі Дзяніс Осіпчык 19 лістапада ў эфіры праграмы "Трэба разабрацца" на тэлеканале АНТ.

"У Беларусі няма не толькі перадумоў, але і прыкмет замежнай арганізаванай тэрарыстычнай дзейнасці, - сказаў Дзяніс Осіпчык. - Мы не бачым на тэрыторыі, не фіксуем таго, каб тут прысутнічала ў любым выглядзе Ісламская дзяржава, іншыя міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі".

Паводле яго слоў, шмат у чым гэтаму садзейнічае не толькі дзейнасць беларускіх праваахоўных органаў, але і менталітэт беларусаў, які не дае глебы для таго, каб развіваць на тэрыторыі краіны нецярпімасць, культ насілля, іншыя праявы, што вядуць да тэрарыстычнай дзейнасці.

Што датычыцца процідзеяння з`явам, якія могуць быць прыўнесены звонку, то адзіным надзейным спосабам ажыццяўляць гэту дзейнасць прадстаўнік КДБ назваў цеснае ўзаемадзеянне з бліжэйшымі партнёрамі.

"У нас адзіная прастора бяспекі створана ў Саюзнай дзяржаве, мы шчыльна працуем у гэтых адносінах з нашымі партнёрамі па Еўразійскім эканамічным саюзе, па АДКБ. Апошнім часам актывізавалася супрацоўніцтва з ШАС", - дадаў Дзяніс Осіпчык.

Каментуючы рэалізацыю канцэпцыі па барацьбе з тэрарызмам, ён адзначыў, што намаганні спецыялістаў сфакусаваны, у першую чаргу, на папярэджанні і прафілактыцы любых праяў тэрарызму на тэрыторыі краіны. У гэтай дзейнасці задзейнічаны не толькі праваахоўныя органы і сілавы блок, але і амаль усе дзяржаўныя органы.

"Уся работа па гэтым напрамку павінна цэнтралізавана планавацца і рэалізоўвацца ў рамках нейкай агульнай задумы, каб гэта дзейнасць была мэтанакіраванай", - сказаў начальнік контртэрарыстычнага ўпраўлення КДБ.

Гаворачы аб правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў, Дзяніс Осіпчык заўважыў, што праваахоўны блок ні ў адной краіне свету не дасць поўнай гарантыі бяспекі без удзелу ў гэтай дзейнасці ўсяго грамадства.

"Так, мы будзем рабіць усё залежнае ад нас па папярэджанні спецыфічнымі метадамі, якія прымяняюцца праваахоўнымі органамі і спецслужбамі, - адзначыў прадстаўнік КДБ. - У плане прафілактыкі для нас важна і пільнасць грамадзян".

20 лістапада 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/714/33319
Текущая дата: 06.11.2024