Пра гэта паведамілі ў Нацбанку Беларусі, дзе 23 кастрычніка адбылося пашыранае пасяджэнне праўлення
Адным з прыярытэтных кірункаў у дзейнасці Нацыянальнага банка ў найбліжэйшай перспектыве па-ранейшаму застанецца ўкараненне міжнародных стандартаў у плацежную сістэму Беларусі.
Як было адзначана падчас пасяджэння, плацежная сістэма Рэспублікі Беларусь з самага пачатку стваралася на аснове рэкамендацый міжнародных стандартаў, якія ўвабралі ў сябе найлепшыя практыкі і вопыт пабудовы эфектыўных і надзейных плацежных сістэм ва ўмовах рынкавай эканомікі.
На сёння ў якасці базавых арыенціраў па забеспячэнні эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыянавання плацежнай сістэмы Нацбанкам вызначаныя Прынцыпы для інфраструктур фінансавага рынку (далей — Прынцыпы ІФР), апублікаваныя камітэтам па плацежных і разліковых сістэмах Банка міжнародных разлікаў і Міжнароднай арганізацыяй камісій па каштоўных паперах у 2012 годзе.
Прынцыпы ІФР уяўляюць сабой 24 указанні па кіраванні рызыкамі і забеспячэнні эфектыўнасці інфраструктуры фінансавага рынку і ўключаюць мінімальныя патрабаванні да ўсіх сістэмна значных плацежных сістэм, цэнтральных дэпазітарыяў каштоўных папер, сістэм разлікаў па каштоўных паперах, цэнтральных контрагентах і гандлёвых рэпазітарыяў. Для цэнтральных банкаў, рэгулятараў рынку і іншых кампетэнтных органаў у сферы інфраструктур фінансавага рынку Прынцыпы ІФР вызначаюць пяць абавязкаў па эфектыўным кіраванні, наглядзе і назіранні за інфраструктурамі.
У 2014 годзе Нацбанк правёў самаацэнку выканання Прынцыпаў ІФР у сістэме BISS як сістэмна значнай. Вынікі паказалі, што на сёння ў сістэме BISS няма істотных праблем, якія патрабавалі б неадкладнага вырашэння. Асноўнае нявырашанае пытанне — частковае выкананне прынцыпу 22 "Працэдуры і стандарты перадачы паведамленняў", якім прадугледжанае забеспячэнне сумяшчальнасці з міжнароднымі працэдурамі і стандартамі перадачы паведамленняў. Для дасягнення адпаведнасці сістэмы BISS прынцыпу 22 Нацбанкам праводзіцца планамерная праца па ўкараненні ў плацежную сістэму Беларусі метадалогіі міжнароднага стандарту ISO 20022 "Фінансавыя паслугі. Універсальная схема паведамленняў фінансавай індустрыі".
У межах гэтай працы з 1 студзеня 2017 года ў Беларусі будзе ажыццёўлены пераход на выкарыстанне міжнароднай структуры нумара рахунку (IBAN) і банкаўскага ідэнтыфікацыйнага кода (БІК).
Перспектывы далейшага ўкаранення міжнародных стандартаў у плацежную сістэму будуць адлюстраваныя ў канцэпцыі плацежнай сістэмы Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 годы, якая распрацоўваецца. Гэты дакумент вызначыць сярэднетэрміновую стратэгію развіцця плацежнай сістэмы з улікам прагрэсіўнага сусветнага вопыту і неабходнасці кансалідацыі намаганняў і рэсурсаў Нацыянальнага банка, банкаў і іншых кампетэнтных органаў у частцы рэалізацыі задач па далейшым павышэнні эфектыўнасці, надзейнасці і бяспекі функцыянавання інфраструктуры фінансавага рынку краіны.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 23 кастрычніка 2015
Мінск, 23 кастрычніка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/718/33040
Текущая дата: 06.11.2024