З 6 студзеня ў Беларусі павышаныя максімальныя тарыфы на шэраг паслуг аховы здароўя.
Як вынікае з пастановы Міністэрства аховы здароўя, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале, з 6 студзеня павышаныя тарыфы на стаматалагічныя паслугі, прафілактычныя і абавязковыя медагляды, а таксама дыягнастычныя паслугі.
Так, цана на стаматалагічнае абследаванне пры першасным звароце не павінна перавышаць 42 тыс. рублёў, у той час як раней складала 33 тыс.
Максімальны кошт інструментальнага выдалення зубных адкладаў з аднаго зуба — 12,7 тыс. (10 тыс.), паліравання аднаго зуба пасля зняцця зубных адкладаў — 9 тысяч (7 тыс.), вырабу часовай пломбы — 10 тысяч (8 тыс.), часовай фіксацыі адной каронкі — 42 тысячы (33 тыс.), пастаяннай — 48 тысяч (38 тыс.).
Выраб здымнага пласціначнага пратэза з адным зубам з пластмасы каштуе максімум 132 тысячы (104 тыс.), поўнага здымнага пласціначнага пратэза з зубамі з пластмасы — 245 тыс. (194 тыс.), а з зубамі з пластмасы з фіксацыяй на імплантатах — 393 тыс. (311 тыс.). Максімальная цана на выраб металакерамічнай каронкі — 314 тыс. (248 тыс.), штучнага металакерамічнага зуба — 326 тыс. (258 тыс.).
Максімальны тарыф на рэнтгенаскапію органаў грудной поласці складзе 68 тыс. рублёў (54 тыс.), прафілактычную флюараграфію — 16 тыс. у адной праекцыі (раней 13 тыс.) і 28 тыс. у дзвюх (22 тыс.), дыягнастычную флюараграфію — адпаведна 22 тыс. і 33 тыс. рублёў (раней — 17 тыс. і 26 тыс.).
Рэнтгенаўская камп`ютарная тамаграфія мозгу без кантрастнага ўзмацнення каштуе ад 142 да 220 тыс. (ад 112 да 174 тыс.), з кантрастным узмацненнем — ад 207 да 300 тысяч рублёў (ад 164 да 237 тыс.). Магнітна-рэзанансная тамаграфія мозгу без кантрастнага ўзмацнення — ад 183 да 509 тыс. (ад 145 тыс. да 402 тыс.), з кантрастным узмацненнем — ад 262 да 673 тыс. (ад 207 да 532 тыс.).
Ультрагукавое даследаванне ўнутраных органаў таксама падаражэла: УГД печані і жоўцевага пузыра цяпер каштуе ад 44 да 140 тыс. (ад 35 тыс. да 111 тыс.), нырак, наднырачнікаў і мачавога пузыра — ад 73 да 168 тыс. (ад 58 да 133 тыс.).
Электракардыяграма ў 12 адвядзеннях без функцыянальных проб каштуе 37 тыс. (29 тыс.), з функцыянальнымі пробамі — 62 тыс. за адну пробу (49 тыс.). Электракардыяграфічнае даследаванне з бесперапыннай сутачнай рэгістрацыяй электракардыяграмы пацыента (халтэраўскае манітарыраванне стандартнае) — 267 тыс. (211 тыс.), халтэраўскае манітарыраванне стандартнае з дадатковымі функцыямі — 359 тыс. (284 тыс.).
Лабараторныя гематалагічныя даследаванні каштуюць ад 2,5 тыс. (2 тыс.) за вызначэнне хуткасці асядання эрытрацытаў да 118 тыс. за падлік міелаграмы (93 тыс.), біяхімічныя — ад 6 тыс. за вызначэнне агульнага халестэрыну або трыяцылгліцэрынаў сыроваткі крыві ферментатыўным метадам (раней — 5 тыс.) да 525 тысяч за выяўленне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у біялагічных вадкасцях па схеме (415 тыс.).
Падаражэлі таксама максімальныя тарыфы на агляды спецыялістаў і функцыяльныя даследаванні ў межах прафілактычных і абавязковых медыцынскіх аглядаў і медыцынскага агляду вадзіцеляў. Агляды каштуюць ад 11,4 тыс. у атарыналарынголага і хірурга (раней — 9 тыс.) да 21 тыс. у акушэра-гінеколага (17 тыс.).
Такой пастановы медыкі чакалі даўно, заявіў у каментары БелаПАН намеснік дырэктара медцэнтра "Авіцэна" Міхаіл Кукаўка. Паводле яго слоў, значная частка паслуг — напрыклад УГД і кансультацыі некаторых спецыялістаў — з`яўляюцца нерэнтабельнымі. Павышэнне цэн будзе стымуляваць інвестараў укладваць сродкі ва ўстаноўку новага абсталявання ў медцэнтрах, а таксама садзейнічаць прыцягненню ў медцэнтры высокакваліфікаваных супрацоўнікаў, дадаў намеснік дырэктара "Авіцэны".
У сваю чаргу загадчык аддзела па пазабюджэтнай дзейнасці 2-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Таццяна Гасанава паведаміла, што рашэнне аб павелічэнні цэн у іх клініцы пакуль не прынятае, нягледзячы на нерэнтабельнасць шэрагу платных паслуг. Паводле яе слоў, у выпадку павышэння кошту паслугі клінікі на платнай аснове стануць недаступнымі для многіх людзей.
Анастасія Салановіч, Алена Спасюк, БелаПАН
Мінск, 6 студзеня 2016
Мінск, 6 студзеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/719/33781
Текущая дата: 26.12.2024