Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі асобы, якія жывуць не па сродках, будуць выплачваць павышаны падаходны падатак



З фізічных асоб, у дачыненні да якіх будзе ўстаноўлена перавышэнне фактычных расходаў над афіцыйнымі даходамі, з 2016 года будзе збірацца падаходны падатак па стаўцы 16%.

"У дачыненні да фізасоб устанаўліваецца стаўка падаходнага падатку ў памеры 16% па даходах, што вылічваюцца падатковым органам, зыходзячы з сум перавышэння расходаў грамадзяніна над даходамі", — паведаміла намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая, выступаючы 11 снежня на канферэнцыі "Актуальныя пытанні падаткаабкладання ў святле зменаў падатковага заканадаўства 2016 года". 

Яна растлумачыла, што прадпісанне аб уплаце падаходнага падатку ў павышаным памеры можа быць вынесеная па выніках праверкі падатковым органам дэкларацыі грамадзян аб даходах і маёмасці. 

"Улічваючы, што такія даходы фізічная асоба атрымлівае, як правіла, ад ажыццяўлення незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, прапанавана ўстанавіць стаўку, якая будзе аналагічная са стаўкай падаходнага падатку, што прымяняецца ў дачыненні да даходаў, атрыманых ад прадпрымальніцкай дзейнасці", — сказала Сяліцкая. 

З 2015 года для фізічных асоб прымяняецца адзіная стаўка падаходнага падатку — 13%, за выключэннем некаторых выпадкаў. У прыватнасці, з даходаў, атрыманых ад ажыццяўлення прадпрымальніцкай і прыватнай натарыяльнай дзейнасці, фізічныя асобы абавязаныя выплачваць падаходны падатак па стаўцы 16%. 

З 2016 года падатковыя органы плануюць зрабіць больш жорсткімі падыходы не толькі ў дачыненні да фізічных асоб, чые фактычныя расходы перавышаюць афіцыйныя даходы, але і ў дачыненні да асоб, якія не выплачваюць падаходны падатак пры здачы жылля ўнаймы. 

"Падатковыя органы будуць спаганяць у пяціразовым памеры сумы падаходнага падатку з даходаў, атрыманых грамадзянамі пры здачы жылля ўнаймы без уплаты падаходнага падатку ў фіксаваных сумах", — паведаміла Сяліцкая.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 11 снежня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/721/33609
Текущая дата: 26.12.2024