Белорусский портал в Казахстане

Беларусь захавала сістэму прафтэхадукацыі, якая паспяхова функцыянуе



Аб гэтым заявіла намеснік прэм`ер-міністра Наталля Качанава 1 кастрычніка ў Мінску перад урачыстым сходам, прымеркаваным да святкавання 75-годдзя сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, паведаміла прэс-служба ўрада.

Паводле слоў віцэ-прэм`ера, асноўная функцыя прафесійна-тэхнічнай адукацыі — "падрыхтоўка кадраў для ўсіх галін эканомікі краіны, што вельмі важна". Качанава падкрэсліла, што Беларусь адзіная на постсавецкай прасторы захавала сістэму прафтэхадукацыі, якая паспяхова функцыянуе. 

Як адзначыла Качанава, "сёння з`яўляюцца высокатэхналагічныя вытворчасці і прадпрыемствы, якія патрабуюць рабочыя кадры больш высокай падрыхтоўкі". "Таму пастаўлена задача не проста выпускаць спецыялістаў для галін эканомікі з другім-трэцім разрадам, а выпускаць спецыялістаў з больш высокай кваліфікацыяй", — сказала віцэ-прэм`ер. 

Таксама Качанава закранула тэму рэсурсных цэнтраў, якіх у краіне на сёння налічваецца 34. Такія цэнтры ёсць ва ўстановах прафтэхадукацыі ва ўсіх абласцях па кожнай спецыяльнасці. Тут дзеці могуць прайсці навучанне на больш сучасным абсталяванні. Паводле меркавання віцэ-прэм`ера, "за гэтым будучыня, таму што гэта вельмі добрая форма навучання моладзі і выхавання". 

Сход, прымеркаваны да святкавання 75-годдзя сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, прайшоў у канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Каля будынка бібліятэкі была разгорнутая рэспубліканская выстава-кірмаш творчых дасягненняў навучэнцаў і работнікаў устаноў прафтэхадукацыі "Горад майстроў".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 2 кастрычніка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/722/32805
Текущая дата: 06.11.2024