Белорусский портал в Казахстане

Міністэрствам адукацыі зацверджана Палажэнне аб вучэбна-навукова-інавацыйным кластары бесперапыннай педагагічнай адукацыі



Аб гэтым расказаў у час анлайн-канферэнцыі на тэму "Роля настаўніка ў сучасным грамадстве" міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў.

Мяркуецца, што кластары будуць створаны на рэспубліканскім і рэгіянальных узроўнях. Таксама зацверджаны склад Каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі, які ўзначальвае рэктар БДПУ імя М.Танка.

Каардынацыйны савет з`яўляецца пастаянна дзеючым дарадчым і экспертна-кансультацыйным органам грамадскага самакіравання ў кластары.

Як адзначыў міністр, стратэгія развіцця педагагічнай адукацыі вызначаецца шэрагам прынятых Міністэрствам адукацыі дакументаў з улікам міжнародных тэндэнцый развіцця вышэйшай адукацыі, у тым ліку ўступленнем Беларусі ў Балонскі працэс. Распрацавана і пасля шырокага абмеркавання зацверджана Канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі на 2015-2020 гады і План мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. Як лічыць Міхаіл Жураўкоў, паэтапнае выкананне гэтых мерапрыемстваў дасць магчымасць да 2020-га года пераадолець існуючыя ў педагагічнай адукацыі недахопы, дабіцца сістэмных якасных змяненняў у прафесійнай падрыхтоўцы педагогаў, стварыць эфектыўную бесперапынную сістэму педадукацыі - ад педагагічных класаў да дадатковай адукацыі педагогаў. У якасці механізма эфектыўнага вырашэння пастаўленых у Канцэпцыі задач разглядаецца пераход на кластарную мадэль бесперапыннай педагагічнай адукацыі, што прадугледжвае аб`яднанне патэнцыялаў уваходзячых у кластар суб`ектаў на аснове сацыяльнага партнёрства, заключаных пагадненняў і дагавораў.

Адна з галоўных задач на бліжэйшы час - узмацненне практыкаарыентаванасці падрыхтоўкі настаўнікаў. Вырашэнне гэтай задачы мае комплексны характар і прадугледжвае, перш за ўсё, мадэрнізацыю педагагічнай практыкі студэнтаў, наданне ёй бесперапыннага і плённага характару. З гэтай мэтай, расказаў Міхаіл Жураўкоў, прадугледжваецца арганізацыя педагагічнай практыкі студэнтаў, пачынаючы з 1-га курса. Гэта магчыма зрабіць пры дапамозе ўключэння першакурснікаў у валанцёрскую дзейнасць. "Валанцёрская дзейнасць фарміруе вопыт прафесійнай дзейнасці будучых педагогаў, з`яўляецца эфектыўным сродкам развіцця іх прафесійнай матывацыі. Таму яе трэба разглядаць як адзін з відаў педагагічнай практыкі і ўключаць у структуру бесперапыннай", - адзначыў ён.

Яшчэ адным важным напрамкам развіцця ўзаемадзеяння ВНУ, якія рыхтуюць педагагічныя кадры, і школ з`яўляецца стварэнне на іх базе філіялаў кафедр (усяго ў краіне - 196), якія даюць магчымасць атрымаць зваротную сувязь ад работадаўцаў адносна патрабаванняў да якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, а таксама выкарыстоўваць навукова-метадычныя прадукты, якія распрацоўваюцца на базе ўніверсітэтаў і пры непасрэдным удзеле настаўнікаў. Усё гэта забяспечвае больш эфектыўнае фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых педагогаў.

З мэтай аптымізацыі структуры бесперапыннай педагагічнай адукацыі яшчэ трэба будзе стварыць дзейсную сістэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі, уключаючы педагагічныя класы, гімназіі, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку спецыялістаў адукацыі; удакладніць дзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцей педагагічнага профілю ў частцы сацыяльна арыентаваных спецыяльнасцей у адпаведнасці з сучаснымі запатрабаваннямі айчыннай адукацыі і соцыуму; распрацаваць Канцэпцыю магістарскай падрыхтоўкі педагагічных кадраў з улікам нацыянальных традыцый педагагічнай адукацыі і міжнародных пагадненняў, вызначэння статусу выпускніка магістратуры па педагагічных спецыяльнасцях.

Цяпер распрацоўваецца праект прафесійнага стандарту педагога з улікам новых кампетэнцый і нацыянальнай рамкі кваліфікацый, расказаў Міхаіл Жураўкоў. На аснове прафесійнага стандарту педагога будуць распрацоўвацца новыя адукацыйныя стандарты і кампетэнтнасныя мадэлі на ўсіх ступенях бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Падрыхтоўка праекта павінна быць завершана ўжо да вясны 2016 года.

29 верасня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/723/32765
Текущая дата: 05.11.2024