Аб гэтым паведаміў дырэктар дэпартамента электроннага бізнесу Альфа-Банка Аляксей Корнікаў.
Беларускія распрацоўшчыкі плануюць стварыць электронную біржу крэдытаў, дадатак для Telegram-банкінгу і праграму па ацэнцы фінансавых вынікаў у бізнесе. Свае канцэпцыі яны прадставілі падчас першага ў Беларусі міжбанкаўскага хакатона, які прайшоў у Мінску з 18 па 20 верасня.
Як паведамілі прадстаўнікі "Альфа-Банка" (Беларусь), афіцыйнага партнёра мерапрыемства, праекты ў галіне фінансавых інавацый прадставілі прыкладна 15 каманд распрацоўшчыкаў, якія распрацоўвалі канцэпцыі на працягу 48 гадзін у рэжыме нон-стоп. Гран-пры конкурсу атрымалі аўтары электроннай біржы крэдытаў для юрыдычных асоб. Распрацоўшчыкі плануюць стварыць пляцоўку, на якой банкі і любыя іншыя камерцыйныя арганізацыі будуць "змагацца за заяўкі патэнцыяльных крэдытаатрымальнікаў". Мяркуецца, што гэта значна пашырыць магчымасці прыцягнення пазыковых сродкаў.
Лепшым B2B (Бізнес для бізнесу) рашэннем члены журы назвалі дадатак для спрошчанага разліку асноўных паказчыкаў у бізнесе (прыбытак за пяць гадоў, кропка бясстратнасці і г.д.). Перавага праграмы — у яе прастаце: каб ацаніць перспектывы, не трэба валодаць якімі-небудзь формуламі.
Найлепшым мабільным рашэннем для фінансавай адукаванасці стаў мабільны дадатак, які дае адказы на актуальныя пытанні з банкаўскай сферы. Пры яго дапамозе можна спрасціць задачу пошуку інфармацыі ў галіне ўласных фінансаў.
Акрамя таго, распрацоўшчыкі прапанавалі фінансавым арганізацыям перайсці на Telegram-банкінг — выкарыстоўваць замест SMS абаронены месенджар для інтэрактыўнага ўзаемадзеяння з кліентамі. Такое рашэнне вынаходнікі называюць зручным і выгадным, аднак пры гэтым прызнаюць, што колькасць карыстальнікаў Telegram у Беларусі пакуль пакідае жадаць лепшага.
Удзельнікі хакатона таксама гатовыя стварыць дадатак для збору сродкаў на дабрачыннасць, анлайн-акселератар стартапаў, алгарытм выяўлення сумніўных транзакцый, хмарны сэрвіс для аўтаматызацыі дакументаабароту і многае іншае.
Першы міжбанкаўскі хакатон прайшоў пры падтрымцы Нацыянальнага банка, "Альфа-Банка" і іншых камерцыйных банкаў. Яго мэтай быў пошук тэхналогій будучыні, якія можна рэалізаваць у банкаўскай сферы. Каманды-распрацоўшчыкі аб`ядналі інжынераў, праграмістаў, маркетолагаў, дызайнераў, менеджараў, фінансавых аналітыкаў, інвестараў і банкіраў.
Банкаўскі сектар у Беларусі застаецца лідарам у галіне ўкаранення IT-тэхналогій. "Калі яшчэ пяць гадоў таму кліенты сыходзілі з аддзяленняў банка ў інтэрнэт-банкінг, то цяпер яны асвойваюць мабільны банкінг. Не выключана, што ў будучыні канкурэнтам традыцыйных банкаў стануць IT-кампаніі. Каб заставацца канкурэнтаздольнымі, банкам трэба адмовіцца ад кансерватызму і страху перад інавацыямі", — перакананы дырэктар дэпартамента электроннага бізнесу Альфа-Банка Аляксей Корнікаў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 21 верасня 2015
Мінск, 21 верасня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/724/32681
Текущая дата: 05.11.2024