Белорусский портал в Казахстане

Вярхоўны суд Беларусі часткова змяніў прыгавор па справе арганізатараў і ўдзельнікаў фінансавай сеткі "МММ-2011"



Аб гэтым паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі 18 жніўня часткова змяніла прыгавор, вынесены 16 красавіка гэтага года Мінскім гарадскім судом па справе арганізатараў і ўдзельнікаў ("сотнікаў" і "дзясятнікаў") сацыяльнай фінансавай сеткі "МММ-2011". 

Прыгаворам Мінгарсуда 14 грамадзян Беларусі былі прызнаны вінаватымі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў складзе арганізаванай групы, спалучанай з атрыманнем даходу ў буйным і асабліва буйным памеры. 

Пазбаўленне волі на тэрміны ад двух да пяці з паловай гадоў з канфіскацыяй маёмасці суд прызначыў 13 абвінавачваным. Пры прызначэнні пакарання Васілю Іванову, Аляксею Малому, Ульяне Сенцюровай, Яўгену Каракуцу і Валянціну Хаданенку суд прымяніў ч. 2 арт. 77 КК і адтэрмінаваў выкананне асноўнага пакарання тэрмінам на два гады. У дачыненні да абвінавачванай Алены Русакевіч суд пастанавіў не прыводзіць у выкананне пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на працягу трох гадоў (ч. 1 і 3 арт. 78 КК). 

У дачыненні да абвінавачванай Вольгі Якубовіч была абрана мера пакарання ў выглядзе штрафу ў 500 базавых велічынь. 

Абвінавачваныя і іх абаронцы звярнуліся ў Вярхоўны суд з касацыйнымі скаргамі. Касацыйны пратэст на прыгавор суда першай інстанцыі падаў і дзяржабвінаваўца. 

Па выніках касацыйнай праверкі Вярхоўны суд змяніў прыгавор суда першай інстанцыі. Трынаццаці абвінавачваным, прыгавораным Мінгарсудом да пазбаўлення волі, Вярхоўны суд прызначыў дадатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу пяці гадоў. 

Адзін з абвінавачваных, Аляксандр Папоў (два гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці па прыгаворы суда першай інстанцыі) быў вызвалены ад асноўнага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў адпаведнасці з арт. 7 закона аб амністыі. Яшчэ двое абвінавачваных, Ігар Сахар і Валерый Шыманчык (прыгаворам суда першай інстанцыі кожнаму прызначана па пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці), вызвалены ад асноўнага пакарання часткова тэрмінам на адзін год у адпаведнасці з арт. 8 закона аб амністыі. 

У астатняй частцы прыгавор Мінскага гарадскога суда пакінуты без змянення, а касацыйны пратэст, скаргі абвінавачваных і іх абаронцаў — без задавальнення.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 19 жніўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/727/32441
Текущая дата: 05.11.2024