Белорусский портал в Казахстане

Будынак аэрапорта "Мінск-1" захаваюць як гісторыка-культурную каштоўнасць



Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Лапцеў.

"Будынак аэрапорта "Мінск-1" будзе захаваны. Безумоўна, ён будзе выкарыстоўвацца інвестарам у тым ліку і ў адміністрацыйных мэтах, але ад гэтага аб`ект не страціць сваю гісторыка-культурную каштоўнасць. Магчыма, у будынку з`явіцца і музейная экспазіцыя", - сказаў Віктар Лапцеў.

Будаўніцтва шматфункцыянальнага цэнтра "Мінск-Мір" з`яўляецца адным з самых вялікіх інвестыцыйных праектаў, які рэалізуецца цяпер у горадзе. Агульная плошча забудовы складае 3 млн кв.м. На ўчастку плошчай 320 га будзе пабудавана 14 тыс. адзінак жылля, 305 тыс. кв.м адміністрацыйных плошчаў. Тут з`явіцца новы міжнародны фінансавы раён. У яго, у прыватнасці, увойдуць канферэнц-цэнтр, цэнтры для правядзення розных мерапрыемстваў і адпачынку, школы, паркі і зялёныя зоны, уключаючы гандлёва-забаўляльны цэнтр з арэнднай плошчай 120 тыс.кв.м. Адной з асноўных асаблівасцей забудовы стане парк плошчай 50 га, дзе будуць праводзіцца музычныя і творчыя фестывалі, іншыя мерапрыемствы на свежым паветры.

Закладка першага каменя ў будаўніцтва шматфункцыянальнага цэнтра "Мінск-Мір" адбудзецца ў верасні бягучага года.

16 ліпеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/729/31991
Текущая дата: 29.09.2024