Аб гэтым паведаміла намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі доктар педагагічных навук Людміла Худзенка.
У новым навучальным годзе ў адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе выкарыстоўвацца 499 назваў падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. З іх 249 назваў - ва ўстановах з беларускай і 250 - з рускай мовамі навучання.
Сярод вучэбных дапаможнікаў ёсць выдадзеныя ўпершыню. Гэта вучэбныя дапаможнікі па кітайскай мове для 10-га класа, па нямецкай і французскай мовах для 7-га класа гімназій, па англійскай - для 11-га класа гімназій. Таксама выдадзена 14 назваў вучэбных дапаможнікаў, выкананых на аснове рэльефна-кропкавай сістэмы Брайля, для дзяцей з парушэннямі зроку. Падрыхтаваны да выдання рабочы сшытак для пяцікласнікаў па новым вучэбным прадмеце - "Мастацтва. Айчынная і сусветная мастацкая культура".
Да 1 верасня перавыдадзена 103 назвы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Паводле слоў Людмілы Худзенка, з кожным новым перавыданнем вучэбны дапаможнік становіцца лепш. "Арганізуецца праверка ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Усе атрыманыя ад педагогаў заўвагі паступаюць у Нацыянальны інстытут адукацыі, вучэбнае выданне дапрацоўваецца і карэкціруецца", - сказала Людміла Худзенка.
У адпаведнасці з інструкцыяй аб парадку падрыхтоўкі і выпуску вучэбных выданняў тэрмін выкарыстання падручнікаў складае ад 4 да 7 гадоў у залежнасці ад колькасці вучэбных гадзін, адведзеных на вывучэнне таго ці іншага прадмета. "Калі вучэбны прадмет вывучаецца 1-2 гадзіны ў тыдзень, то тэрмін выкарыстання падручніка складае 5 гадоў. Калі на вывучэнне вучэбнага прадмета адведзена 4 і больш гадзін, выданне выкарыстоўваецца 4 гады, а вучэбныя выданні, якія неабходны навучэнцам для работы ў класе (напрыклад, зборнікі заданняў і падручнікі па працоўным навучанні для хлопчыкаў і дзяўчынак), выкарыстоўваюцца на працягу 7 гадоў. Пасля заканчэння гэтага тэрміну падручнікі перавыдаюцца", - адзначыла начальнік ўпраўлення вучэбнага кнігавыдання Нацыянальнага інстытута адукацыі Алена Сігаева.
Спецыялісты таксама развеялі міф аб тым, што ў школах выкарыстоўваюцца ўстарэлыя падручнікі. Штогод Міністэрствам адукацыі зацвярджаецца дакумент з пералікам падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, прыдатных для выкарыстання ў новым навучальным годзе. Калі падручнік папярэдняга года выдання не трапіў у гэты пералік, ён спісваецца і не выдаецца дзецям.
12 жніўня 2015, Мінск
БЕЛТА
12 жніўня 2015, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/729/32335
Текущая дата: 05.11.2024