Белорусский портал в Казахстане

Нацбанк Беларусі адклікаў ліцэнзію на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці ў ЗАТ "Еўрабанк"



Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб адкліканні з 6 жніўня ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці ў ЗАТ "Еўрабанк".

"Гэтае рашэнне прынята ў сувязі з доўгім невыкананнем ЗАТ "Еўрабанк" асобных ліцэнзійных патрабаванняў, устаноўленых Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, адсутнасцю перспектыў па нарошчванні нарматыўнага капіталу банка, што можа прывесці да стварэння пагрозы інтарэсам укладчыкаў і іншых крэдытораў банка, а таксама з улікам стратнай дзейнасці банка ў 2015 годзе і вынікаў комплекснай праверкі ЗАТ "Еўрабанк" у снежні 2014 года, якія сведчаць аб высокіх рызыках у яго дзейнасці і нездавальняючай якасці кіравання", — гаворыцца ў паведамленні. 

Нацбанк нагадаў, што ў студзені і маі 2015 года за невыкананне шэрагу ліцэнзійных патрабаванняў, у тым ліку да памеру нарматыўнага капіталу, банку прыпынялася дзеянне ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці ў частцы ажыццяўлення большасці банкаўскіх аперацый. Разам з тым за мінулы перыяд парушэнні не былі ліквідаваны. 

У адпаведнасці з арт. 99 Банкаўскага кодэкса, з моманту адклікання ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці да моманту стварэння ліквідацыйнай камісіі (прызначэння ліквідатара) або прызначэння гаспадарчым судом кіраўніка (антыкрызіснага кіраўніка) забараняецца заключэнне ЗАТ "Еўрабанк" новых дагавораў і перазаключэнне на новы тэрмін раней заключаных дагавораў, выкананне абавязацельстваў банка па іх, у тым ліку ажыццяўленне аперацый па карэспандэнцкім рахунку банка, за выключэннем аперацый, звязаных з бягучымі і эксплуатацыйнымі плацяжамі банка, выплатай выхадных дапамог і аплатай працы асоб, якія працуюць па працоўным дагаворы (кантракце), у межах каштарысу расходаў, які ўзгадняецца з Нацыянальным банкам. Забараняецца таксама вяртанне грашовых сродкаў, памылкова залічаных на карэспандэнцкі рахунак банка. 

ЗАТ "Еўрабанк" не ажыццяўляе аперацый, звязаных з прыцягненнем на рахункі і ва ўклады (дэпазіты) грашовых сродкаў фізічных асоб. Актывы банка на 1 жніўня 2015 года складаюць 65 млрд. рублёў, іх доля ў банкаўскай сістэме неістотная — 0,01%.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 6 жніўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/730/32247
Текущая дата: 05.11.2024