Такое меркаванне выказалі ў Міністэрстве эканомікі Беларусі, выклаўшы афіцыйную пазіцыю адносна стварэння ў краіне нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка.
"Мы мяркуем, што стварэнне "БелБіяграда" стане магутным імпульсам для дынамічнага развіцця высокатэхналагічнага сектара нацыянальнай эканомікі, які апрыёры можа і павінен апірацца як на патэнцыял Нацыянальнай акадэміі навук, так і на замежныя распрацоўкі", - адзначылі прадстаўнікі ведамства.
У міністэрстве нагадалі, што праект стварэння Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка "БелБіяград" быў ініцыіраваны Мінэканомікі ў 2011 годзе. Цяпер работу над праектам указа, які прадугледжвае стварэнне "БелБіяграда", вядзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ў цесным узаемадзеянні з Міністэрствам эканомікі. "Міністэрства паслядоўна падтрымлівае ідэю стварэння гэтага парка як "інстытута развіцця" нана-, біяіндустрыі ў Беларусі", - рэзюмавалі спецыялісты.
Нядаўна ў СМІ з`явілася публікацыя, у якой гаварылася аб тым, што ў Мінэканомікі сумняваюцца, што Акадэмія навук створыць канкурэнтаздольны "БелБіяград". "Прыведзеныя ў гэтым артыкуле ацэначныя меркаванні адносна рэалізацыі праекта стварэння Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка "БелБіяград" ні ў якай меры не з`яўляюцца афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства эканомікі", - канстатавалі прадстаўнікі ведамства.
Як паведамлялася, 4 верасня прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках сустрэчы з прадстаўнікамі навуковай грамадскасці даручыў Нацыянальнай акадэміі навук паскорыць распрацоўку нарматыўна-прававога акта па стварэнні "БелБіяграда".
Прадстаўнікі НАН Беларусі праінфармавалі ў жніўні аб тым, што для рэалізацыі ў тэхнапарку "БелБіяград" прапрацоўваюцца амаль 100 праектаў. Галоўная задача тэхнапарка - развіццё высокіх навукаёмістых галін, звязаных з мікрабіялогіяй, а таксама нанаматэрыяламі і нанатэхналогіямі.
11 верасня 2015, Мінск
БЕЛТА
11 верасня 2015, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/736/32610
Текущая дата: 27.12.2024