Белорусский портал в Казахстане

Ніл Гілевіч стаў лаўрэатам прэміі "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава



Сёлетнім лаўрэатам прэміі "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава стаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

Уручэнне прэміі традыцыйна адбылося 20 чэрвеня ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, на малой радзіме народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Удзел у імпрэзе бралі больш за 100 чалавек, паведаміла прэс-служба руху "За Свабоду", лідар якой Аляксандр Мілінкевіч з`яўляецца заснавальнікам прэміі "За свабоду думкі". 

Сярод удзельнікаў былі такія вядомыя асобы, як былы старшыня Нацбанка, прафесар Станіслаў Багданкевіч, мастакі Алесь Марачкін, Мікола Купава і Алесь Пушкін, эканаміст Сяргей Чалы, бард Віктар Шалкевіч, гісторык Міхась Біч, паэты Андрэй Хадановіч і Міхась Скобла, перакладчык, грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі, палітык Павел Севярынец, гісторык, прафесар Леанід Лыч і г.д. Шмат хто з выступоўцаў чытаў вершы, у тым ліку — Ніла Гілевіча.

Сам Гілевіч, якому 83 гады, не здолеў прыехаць у Бычкі па стане здароўя. Узнагарода будзе перададзена яму пазней у Мінску. Але на цырымоніі прагучаў аўдыявыступ паэта, у якім ён паразважаў пра місію носьбітаў свабодных думак.

"Праз усю гісторыю чалавецтва людзі, надзеленыя ў належнай меры пачуццём грамадзянскай годнасці, даражылі больш за ўсё свабодай думкі, — адзначыў Ніл Гілевіч. — Вядома, і людзі свету мастацтва — паэты, музыкі, жывапісцы, скульптары. А, можа, і ў першую чаргу яны, бо іхняя жыццёвая місія — выяўляць сябе, сваю душу. Што, якую душу выяўляеш, мастак? Душу свабоднага грамадзяніна ці душу халуя і лёкая? Каму служыш — праўдзе ці хлусні? Каму молішся — небу ці залатому цяльцу? Тут водападзел паміж творцамі сапраўднымі, вартымі людской павагі, і сервільнымі прыстасаванцамі ў мастацтве, якія на павагу свайго народа разлічваць не маюць права".

Ніл Гілевіч згадаў паэму "Курган" Янкі Купалы, радкі, у якіх гусляр адказвае дэспату-князю на загад праспяваць песню на ўцеху яго вяльможным гасцям: "Гуслям, княжа, не пішуць законаў"; "Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, не скуеш толькі дум ланцугамі".

"Калі нашая сённяшняя моладзь будзе ўваходзіць у сталае жыццё з гэтым купалаўскім запаветам, нашу Бацькаўшчыну чакае вялікая прыгожая будучыня", — перакананы народны паэт Беларусі.

Прэмія "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава заснаваная лідарам руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Ідэя ўзнікла пасля атрымання Мілінкевічам прэміі Еўрапарламента "За свабоду думкі" імя Андрэя Сахарава. Прэміяй "За свабоду думкі" ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і свабоды.

Лаўрэатамі прэміі ў мінулыя гады станавіліся літаратары Рыгор Барадулін і Уладзімір Арлоў, палітык і літаратар Павел Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, мастак Алесь Марачкін, акцёр Віктар Шалкевіч.

Лаўрэатаў прэміі "За свабоду думкі" вызначае не рух "За Свабоду", а выбітныя людзi Беларусi, падкрэслівае Аляксандр Мілінкевіч. "Спачатку, у 2008 годзе, быў складзены cпic з 50 найбoльш вядомых лiдараў думак, якія і вызначылі першых уладальнікаў прэміі. У наступныя гады iмёны пераможцаў сталі называць лаўрэаты папярэдніх гадоў. Такім чынам, журы кожны год папаўняецца аўтарытэтнымі асобамі. Лiчу такi прынцып вельмi справядлівым і аб`ектыўным", — цытуе Мілінкевіча прэс-служба руху "За Свабоду".

БелаПАН
Мінск, 21 чэрвеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/739/31609
Текущая дата: 05.11.2024