Белорусский портал в Казахстане

У азербайджанскага бізнесмена, які спрабаваў даць хабар начальніку ДАІ Мастоўскага раёна, выкралі частку партыі кавуноў



Азербайджанскі бізнесмен, які спрабаваў даць хабар начальніку аддзела ДАІ Мастоўскага РАУС, зноў сутыкнуўся з непрыемнасцямі.

Як паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама, мужчына займаўся папулярным у гэты час года бізнесам — продажам кавуноў, пэўную колькасць якіх у выніку эканоміі на бяспецы не далічыўся. Пад склад пладоў адвёў арандаваны ў мясцовага калгаса трухлявы хлеў.

Паводле слоў начальніка крымінальнай міліцыі Мастоўскага РАУС Аляксея Кірылава, памяшканне, з якога выкралі кавуны, слаба адпавядала крытэрыям тэхумацаванасці. Зламыснікі адламалі драўляную дошку і ноччу выкралі 200 кг кавуноў.

Крымінальная справа, дзе азербайджанец на гэты раз фігуруе ўжо як пацярпелы, распачата за крадзеж. Супрацоўнікі міліцыі праводзяць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленне асоб, якія выкралі кавуны.

Азербайджанцу за паўторнае на працягу года перавышэнне хуткасці на 20 і больш кіламетраў у гадзіну пагражала пазбаўленне права на кіраванне транспартным сродкам і гэтую праблему ён спрабаваў вырашыць пры дапамозе грошай.

Мужчына, у дачыненні да якога быў пачаты адміністрацыйны працэс, з`явіўся на разбор, у ходзе якога паклаў 200 долараў ЗША на стол начальніка Дзяржаўтаінспекцыі пад дакументы і папрасіў не караць строга. Міліцыянер папярэдзіў мужчыну аб крымінальнай адказнасці за такога роду дзеянні, але той праявіў настойлівасць, пасля чаго супрацоўнік органаў унутраных спраў выклікаў у кабінет следча-аператыўную групу, якая задакументавала факт злачынства.

Крымінальная справа распачата за замах на дачу хабару.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 9 жніўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/740/32312
Текущая дата: 27.12.2024