Пра гэта паведамілі ў райвыканкаме.
На свята прыедуць музычныя, танцавальныя і тэатральныя групы, народныя ўмельцы. Чакаецца, што ўдзел у свяце прымуць воіны больш як з 20 рыцарскіх клубаў і клубаў гістарычнай рэканструкцыі з розных гарадоў Беларусі і Расіі. "У гэтым годзе мы вырашылі змяніць канцэпцыю, - адзначылі ў райвыканкаме. - Фэст будзе мець больш пастановачны характар, а ўсе дзеянні - падзелены на блокі, размешчаныя ў храналагічным парадку. Так, вечарам 17 ліпеня гасцей фэсту чакае выступленне прадстаўнікоў ранняга Сярэднявечча, а завершыцца дзень містычным шоу са спаленнем ведзьмы".
Пройдуць рыцарскія турніры, конныя забавы, бітва дзвюх армій, турніры лучнікаў і троек, начныя бугурты, штурм замка. Будзе паказаны майстар-клас баявога майстэрства.
Галоўным сюрпрызам свята стане начны штурм замка лучнікамі. Спецыяльна для гэтага будзе пабудавана крэпасць, якую ўдзельнікі дзеяння спаляць вогненнымі стрэламі. Яшчэ адным новаўвядзеннем стане выступленне мінскага вулічнага тэатра "Вір". Акцёры ў вобразах манаха, хадулістаў, жанглёраў, фокусніка, акрабатаў будуць забаўляць гледачоў сваім спектаклем "Карабель дурняў".
Сярэдневяковую атмасферу свята падтрымаюць выступленні музычных калектываў "Літы талер", "Млын Сонца", легендарнай групы "Стары Ольса". А майстар-клас для гледачоў па сярэдневяковых танцах дасць "Яварына".
Для азнаямлення з горадам і славутымі мясцінамі раёна арганізуюць экскурсіі. Дзяцей і іх бацькоў чакаюць атракцыёны, конкурсы і іншыя забавы. Таксама на працягу святочных мерапрыемстваў будуць працаваць Горад майстроў і гандлёвыя рады. У гэтым годзе адбудзецца спаборніцтва за самае відовішчнае вогненнае шоу, пераможцу якога вызначаць гледачы, а кульмінацыяй рыцарскага фэсту стане феерверк.
"Рыцарскі фэст" ужо даўно набыў свайго гледача і прыхільнікаў. У Мсціслаў прыязджае вялікая колькасць турыстаў практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама шмат гасцей з Расіі. Іх прыцягвае не толькі само мерапрыемства, але і магчымасць азнаёміцца з багатым гістарычным мінулым і архітэктурай старажытнага Мсціслава, які не выпадкова называюць беларускім Суздалем. Таму на перыяд свята ў горадзе будзе дзейнічаць пляцоўка для размяшчэння палатачнага гарадка.
Арганізатарамі свята выступаюць Мсціслаўскі раённы выканаўчы камітэт, Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна, клуб гістарычнай рэканструкцыі "Саюз вольных ратнікаў".
15 чэрвеня 2015, Магілёў
Сяргей Кулягін - БЕЛТА
15 чэрвеня 2015, Магілёў
Сяргей Кулягін - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/741/31520
Текущая дата: 05.11.2024