Белорусский портал в Казахстане

У Беларусь не ўпусцілі грамадзянку Літвы з 70-разовым перавышэннем дапушчальнага ўзроўню радыяцыі



8 чэрвеня ў пункце пропуску "Катлоўка" на мяжы Беларусі і Літвы смаргонскія памежнікі з дапамогай дазіметра-радыеметра зафіксавалі перавышэнне дапушчальнага ўзроўню радыяцыйнага выпраменьвання ў 70 разоў.

Як паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце, крыніцай выпраменьвання аказалася 58-гадовая грамадзянка Літвы, якая накіроўвалася ў Беларусь на аўтобусе "Неаплан". Жанчына растлумачыла, што ў сувязі з хваробай яна прымае радыеактыўныя прэпараты, аднак пацвярджальных папер паказаць не змагла. Таму ўезд для яе ў краіну быў закрыты.

У пагранведамстве Беларусі адзначаюць, што апошнім часам падобныя выпадкі ў пунктах пропуску пачасціліся. У сувязі з гэтым Дзяржпагранкамітэт нагадвае грамадзянам, якія праходзяць лячэнне з прымяненнем радыяцыйных прэпаратаў, пра неабходнасць мець пры перасячэнні мяжы даведку аб праходжанні медыцынскіх працэдур з выкарыстаннем радыенуклідаў. Або на працягу трох тыдняў пасля правядзення гэтай працэдуры варта наогул адмовіцца ад далёкіх паездак.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 9 чэрвеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/742/31392
Текущая дата: 05.11.2024