Белорусский портал в Казахстане

Свята майстроў драўлянай скульптуры адкрыецца 10 чэрвеня ў Мядзельскім раёне



Аб гэтым паведамілі ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці.

XIV Абласное свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры "Сонечнае цяпло дрэва" пройдзе з 10 па 19 чэрвеня ў курортным пасёлку Нарач Мядзельскага раёна. 

У гэтым годзе ў конкурсе прымаюць удзел майстры не толькі з Мінскай, але і Гомельскай вобласці. Адкрыецца свята выступленнем мясцовых творчых калектываў і выканаўцаў. На працягу дзевяці дзён усе жадаючыя змогуць паглядзець, як з бярвёнаў нараджаюцца скульптурныя кампазіцыі. Майстры будуць працаваць па сваіх эскізах. Конкурсныя драўляныя скульптуры і пано застануцца ў пасёлку ў якасці падарунка яго жыхарам. Акрамя таго, умовамі творчага спаборніцтва прадугледжаны выраб арыгінальных лавак, якія таксама ўпрыгожаць вуліцы Нарачы.

Абласное свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры "Сонечнае цяпло дрэва" праводзіцца ў Мінскай вобласці штогод у форме пленэру. Спачатку яно праводзілася ў Смалявіцкім раёне, потым стала падарожнічаць па ўсім рэгіёне (у яго геаграфію ўключаны Крупскі, Валожынскі, Старадарожскі, Вілейскі, Барысаўскі, Маладзечанскі раёны).

5 чэрвеня 2015, Мінск
Антаніна Блізнюк - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/744/31404
Текущая дата: 06.11.2024