Белорусский портал в Казахстане

У Мінску праходзіць форум прадпрымальнікаў



Больш за дзвесце прадстаўнікоў малога бізнесу з усіх абласцей Беларусі з`ехаліся на форум прадпрымальнікаў, які праходзіць у гасцініцы "Беларусь" у Мінску.

На запрашэнне наведаць форум адгукнуліся прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, фінансаў, гандлю, Дзяржкамітэта па стандартызацыі. Ад Міністэрства па падатках і зборах прысутнічае супрацоўнік профільнага гарадскога ведамства. 

Форум пад назвай "Новыя ўмовы працы для ІП — нашы ацэнкі і прапановы" арганізаваны РГА "Перспектыва". Адкрываючы мерапрыемства, старшыня гэтага прадпрымальніцкага грамадскага аб`яднання Анатоль Шумчанка адзначыў, што ў апошні год улады часта гавораць пра неабходнасць усталявання роўных умоў дзейнасці для ўсіх форм бізнесу. Аднак сёння скажаецца сам прынцып такой роўнасці, дадаў ён. 

"Калі гаворыцца пра роўныя ўмовы для бізнесу, насамрэч ставіцца пытанне пра выцісканне і знішчэнне канкурэнтнага асяроддзя на рынку, ухіленне прыватнай уласнасці як канкурэнта дзяржаўнай уласнасці", — заявіў Шумчанка. Паводле яго слоў, буйному бізнесу — найперш дзяржаўнаму, малаэфектыўнаму — пастаянна выдаюцца датацыі і прэферэнцыі, у той час як для развіцця малога бізнесу дзяржава такіх умоў не стварае. 

Шумчанка звярнуў увагу на тое, што больш за дзве траціны ВУП Беларусі фарміруецца за кошт прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара і буйнога бізнесу. Гэтыя суб`екты гаспадарання, паводле яго слоў, "фактычна ўстараняюць малы бізнес, каб прыйсці на яго месца". 

"Мы за роўныя ўмовы, але каб гэта было сумленна і справядліва", — падкрэсліў лідар прадпрымальніцкага аб`яднання. 

Пасля яго выступлення ўдзельнікам форуму быў паказаны відэаролік пра цяжкую сітуацыю ў прадпрымальніцкім асяроддзі на рынку Наваполацка. 

Нагадаем, 1 сакавіка 2015 года завяршыўся тэрмін, на працягу якога ІП маглі прадаваць астаткі прадукцыі легпрама, увезенай з краін Мытнага саюза, без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё гэтых тавараў. Новыя ўмовы працы паставілі ІП на грань спусташэння. 

Пасля абмеркавання гэтай праблемы на сустрэчы з прадпрымальнікамі 17 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 143, які дазваляе ІП прадаваць тавары без пацвярджаючых дакументаў да 1 студзеня 2016 года. Разам з тым, паводле ўказа, пры рэалізацыі тавараў без пацвярджаючых дакументаў устаноўлена прымяненне павышаючага каэфіцыента 2 пры вылічэнні адзінага падатку і збіранне ПДК у фіксаванай суме з яго павелічэннем у чатыры этапы за кошт прымянення наступных павышаючых каэфіцыентаў: 2 — з 1 па 31 сакавіка; 2,5 — з 1 красавіка па 30 чэрвеня; 3 — з 1 ліпеня па 30 верасня; 4 — з 1 кастрычніка па 31 снежня 2015 года. 

Новы ўказ не зняў праблему, а толькі адтэрмінаваў яе, лічаць ІП. Яны таксама заяўляюць, што павышаць каэфіцыент ПДК у цяперашняй эканамічнай сітуацыі непрымальна.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 18 мая 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/746/31018
Текущая дата: 06.11.2024