У Брэсце вечарам 15 мая стартавала акцыя "Ноч музеяў".
Акцыя пачалася ў музеі "Выратаваныя мастацкія каштоўнасці" праграмай "Вечныя каштоўнасці". "Яна заклікае зрабіць выбар на карысць агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў: дабра, святла, ісціны, свету і прыгажосці, — сказала на мерапрыемстве загадчыца музея Ірына Тарыма. — Мы не маглі раскрыць гэту тэму без супрацоўніцтва з Брэсцкай епархіяй і запрасілі да ўдзелу ў гэтым праекце паломніцкі аддзел епархіі, нядзельныя школы, архірэйскі хор Свята-Сімяонаўскага кафедральнага сабора ў Брэсце".
Наведвальнікам музея была прадстаўлена праграма экскурсійных паездак да праваслаўных святыняў Брэсцкай вобласці і Беларусі. Яны азнаёміліся з вырабам велікодных падарункаў, працай залаташвейнай майстэрні пры Свята-Васкрасенскім саборы Брэста, выставай "Святаў свята", дзе дэманструюцца іконы з фондаў музея.
Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Брэсце правёў прэзентацыю дакументальнай выставы "Руская праваслаўная царква ў гады Вялікай Айчыннай вайны". Плануецца, што яна адкрыецца ў абласным цэнтры ў жніўні.
16 мая "Музейную ноч 2015" правядзе Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Праграма "Музейная бяссонніца на Мядовай" (так называлася да рэвалюцыі вуліца Карла Маркса, дзе зараз знаходзіцца музей) пачнецца ў 19.00 і завершыцца ў дзве гадзіны ночы. На першым паверсе будзе працаваць пляцоўка для дзяцей. Там Брэсцкі тэатр лялек пакажа спектакль, будуць арганізаваны гульні і конкурсы для дзяцей.
На другім паверсе для дарослых будуць праведзены майстар-класы: па пісьму кірыліцай, маляванні, азбуцы Морзэ, картаграфіі, вырабе ўпрыгажэнняў з тканіны.
Апоўначы пачнецца канцэрт брэсцкага гурту Muzzart.
Ларыса Шыганава, БелаПАН
Брэст, 16 мая 2015
Брэст, 16 мая 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/747/30984
Текущая дата: 06.11.2024