Падпалы ў радыяцыйнай зоне робяць умысьля.
На Магілёўшчыне ў зоне адчужэньня і адсяленьня сытуацыю з пажарамі, як запэўніваць спэцыялісты, удаецца кантраляваць, хоць узгараньні здараюцца нярэдка. Разам з прадуктамі гарэньня ў паветра ўздымаецца і радыяцыя.
Беларусы і ўкранцы праз 29 гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы зноў перажылі вялікае ўзрушэньне. Паблізу атамнай станцыі гарэла каля 400 гектараў Чарнобыльскай пушчы.
Полымя ўкраінскай дзяржслужбе надзвычайных сытуацыяў і падразьдзяленьням нацыянальнай гвардыі ўдалося суняць усяго за пяць кілямэтраў ад ядзерных магільнікаў. У Міністэртве ўнутраных спраў Украіны не выключаюць, што прычынай пажару стаў падпал.
Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк на паседжаньні ўраду заявіў, што ў зьвязку з пажарам радыяцыйны фон не перавысіў дапушчальныя ўзроўні.
«Пры дапушчальных нормах у 50 мікрарэнтген, у зоне непасрэдна не перавышае 21 мікрарэнтгена, а ў горадзе Кіеве — не перавышае 11», — паінфармаваў украінскі прэм’ер і распарадзіўся праводзіць публічныя замеры радыяцыйнага фону.
Перакінуцца пажару з Украіны цераз раку Прыпяць на беларускую зону адчужэньня, канечне, складана. А вось для дыму, ветру і пылу, зь якім могуць пераносіцца і радыенукліды, водная засьцярога — не перашкода.
Прылеглая да ўкраінскай беларуская чарнобыльская тэрыторыя — гэта найперш Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік. Тут, у выселенай вёсцы Масаны Хойніцкага раёну, дзейнічае аднайменная дасьледчая станцыя — адна з самых блізкіх беларускіх «жывых» кропак да Чарнобыльскай АЭС, якая вядзе няспынны маніторынг радыяцыйнай сытуацыі.
На падставе замераў, у тым ліку і АЭС, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў паведаміла, што пажар ва ўкраінскай Чарнобыльскай пушчы не паўплываў на радыяцыйны фон на тэрыторыі Беларусі — ён заставаўся «ў норме».
Зрэшты, вогненныя стыхіі здараюцца ня толькі на ўкраінскім баку. Тры буйныя пажары зарэгістраваныя ў розныя гады й на тэрыторыі беларускага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка — перадусім у 2002, 2008 і 2010 гадах.
«Вось і нядаўна быў пажар. Выяжджалі, тры дні тушылі, — апавядае Ўладзімер Данчанка, кіроўца баявой машыны пяхоты, прыстасаванай для тушэньня пажараў у Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку. — Гэта ня лес, а луг гарэў. Ад ракі агонь пайшоў у бок запаведніка. Тэрыторыя пажару была невялікая. Але ж трава, яна дыміць і дыміць. Пры любым пажары БМП выручае нас. Каб агонь не распаўсюджваўся, абворваем спачатку вогнішча, адну ці дзьве баразны пракладаем. А пасьля ўжо разразаем тэрыторыю на клеткі і пачынаем заліваць іх вадою».
Намесьнік началькіка пажарна-хімічнай станцыі запаведніка Дзяніс Сацура дадае:
«Калі я не памыляюся, 27 сакавіка быў адзін пажар, другі — 29-га. Дваццаць сёмага быў вельмі моцны вецер — парывы больш як 15 мэтраў у сэкунду. Пускалі лесапажарную машыну, трактар — яны абворвалі тэрыторыю ў 5-6 баразён, але агонь усё адно перакідала на новыя тэрыторыі».
Суразмоўца кажа, што сёлета запаведніку выдзелены мільярд рублёў на авіяпатруляваньне. У пажаранебясьпечны пэрыяд запаведнік заказвае гэлікоптэр ў Мазырскім аддзяленьні «Беллесавія».
Пажары ж у чарнобыльскай зоне ўзьнікаюць найчасьцей праз браканьераў. Бываюць, канечне, пажары ад удару маланкі альбо ў сьпякотны сонечны дзень ад шклянога посуду, які зьбірае промні ў фокус і выклікае ўзгараньне сухой травы, торфу ці іншых падобных рэчаў.
«Калі ўзьнікае пажар, то ён уяўляе пагрозу празь міграцыю радыенуклідаў ня толькі для бліжэйшых, але й адаленых тэрыторыяў», — кажа дырэктар радыяцыйна-экалягічнага запаведніка Пётар Кудан.
Навукоўцы з Нарвэскага інстытуту дасьледаваньня паветра адмыслова вывучалі ўплыў лясных пажараў чарнобыльскай зоны на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны. Сабраныя экспэрымэнтальныя зьвесткі паказваюць, што пры гарэньні драўніны зь яе вылятае як мінімум 10 адсоткаў радыеактыўнага цэзію. Ад 20 да 40 адсоткаў гэтага элемэнту вызваляецца з сухой травы, ляснога подсьцілу, драўніны сасны й клёну. А ў біяцэнозах запаведніка, паводле зьвестак навукоўцаў, сканцэнтравана 30 адсоткаў радыеактыўнага цэзію, які выпаў на тэрыторыі Беларусі пасьля чарнобыльскай катастрофы, 73% — стронцыю, і 97% — ізатопаў плютонію.
Радыё Свабода, 2 траўня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/749/30790
Текущая дата: 06.11.2024