Белорусский портал в Казахстане

Найстарэйшае прадпрыемства Магілёва — на мяжы банкруцтва



На магілёўскім заводзе "Строммашына" працаўнікі праз суд дамагаюцца выплаты заробкаў.

Прадпрыемства знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Днямі прадалі адміністрацыйны будынак, арыштаваны за нявыплату закладу. У адміністрацыі заяўляюць, што на працягу тыдня з працаўнікамі разлічацца са сродкаў ад гэтага продажу. Але прызнаюць, што уратаваць прадпрыемства гэтыя грошы не змогуць.

Пра нявыплату заробкаў паведамілі працаўнікі прадпрыемства. Гаварыць публічна на гэтую тэму, аднак, наважваліся нямногія. У прыватных гутарках казалі: заробленае не выплачваецца ад двух да трох месяцаў. 

"За тры месяцы людзям не заплацілі, а ёсць і такія, якім за чатыры не заплачана. Тых, хто звольніўся, не разлічваюць. Людзі хадзілі да адвакатаў, юрыстаў і скардзяцца ў суд, бо заробленыя грошы нельга забраць. Заробкі ў нас невялікія, нават сорамна казаць — па 800 тысяч, па мільёну, у некаторых два мільёны".

У працаўнікоў калектыву няма ўпэўненасці ў будучыні прадпрыемства. Паводле слоў адной з суразмоўніц, многія лічаць, што завод распрададуць.

"Кіраўніцтва, аднак, нас запэўнівае, што заказы ў прадпрыемства ёсць і будзем працаваць. Але сумненні ў нас", — разважае жанчына. — Крыўдна за завод. Заўжды за намі было першае месца, а цяпер першае месца па распродажы".

Днямі адміністрацыйны будынак завода ў цэнтры горада купіла ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама больш як за 31,5 мільярд рублёў. Чатырохпавярховы будынак арыштавалі за нявыплату прадпрыемствам закладу і выставілі на аўкцыён. На ім, як паведамляюць мясцовыя СМІ, была толькі адна заяўка на куплю — ад упраўлення юстыцыі.

Праблемы з выплатай заробкаў адміністрацыя завода прызнае. Сцвярджаецца, што грошы ад продажу адміністрацыйнага будынка дапамогуць разлічыцца з работнікамі прадпрыемства.

"Ад продажу гэтага будынка дзесяць мільярдаў накіроўваюцца на пагашэнне запазычанасці па заработнай плаце. Мы цяпер над гэтым працуем, і на працягу, я так думаю, тыдня яны паступяць на рахункі працаўнікоў", — зазначыў прадстаўнік адміністрацыі.

Разам з тым суразмоўца прызнаў, што перспектывы ў прадпрыемства змрочныя — яго могуць распрадаць па частках.

БелаПАН, 25 чэрвеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/749/31729
Текущая дата: 25.12.2024