Белорусский портал в Казахстане

Кардынал П`етро Паралін: Няхай вашыя дзеці складаюць народ свабодных і сумленных людзей



15 сакавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П`етро Паралін узначаліў святую Імшу з удзелам дзяцей.

Апрача біскупаў і святароў на ўрачыстую Імшу былі запрошаныя прадстаўнікі розных хрысціянскіх супольнасцяў і канфесій, таксама прысутнічала вельмі вялікая колькасць вернікаў, некаторыя прыйшлі і без дзяцей дзеля таго, каб памаліцца разам з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці.

На самым пачатку Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у прывітальным слове адзначыў вялікую радасць прысутных дзяцей і бацькоў, якія маюць магчымасць сустрэцца з бліжэйшым супрацоўнікам Папы, і прыгадаў: «Падчас пераследу веры маё пакаленне не магло нават марыць аб тым, каб убачыць біскупа, а сёння з намі другая ў іерархіі Касцёла асоба. Гэта сведчанне таго, што Бог з’яўляецца Валадаром гісторыі і немагчымае з чалавечага пункту гледжання становіцца магчымым у Яго».

«Бог хоча, каб мы жылі згодна з Яго воляй. Гэтаму вучыць нас Касцёл, распачынаючы ад самых малых. Дзякую бацькам, якія клапоцяцца пра рэлігійнае выхаванне дзяцей. Дзякую катехетам, выхавацелям і святарам за іх клопат аб падрастаючым пакаленні. Аб гэтым сведчыць і гэтая святая Імша для дзяцей», - дадаў арцыбіскуп. 

У сваю чаргу дзеці па-беларуску і па-італьянску прывіталі кардынала і падарылі яму падарункі і свае малюнкі.

«Радасці Вам мы жадаем, візіт у Беларусь малітвай падтрымаем», — прамовілі дзеці, якіх разам з моладдзю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў бяспрэчнай будучыняй, ад якой усё пачынаецца.

Як і гамілія на чуванні моладзі, так і гамілія кардынала П`етро Параліна на Імшы з удзелам дзяцей былі ўпрыгожаны цытатамі з вершаў беларускіх творцаў.

На пачатку гаміліі кардынал адзначыў: «Папа вельмі хацеў бы быць сярод вас, але ж акалічнасці пакуль што не дазваляюць, каб гэтае ягонае і вашае агульнае жаданне здзейснілася». Аднак іерарх дадаў, што  менавіта таму Святы Айцец паслаў яго, каб выказаць павагу і добразычлівасць, якую Папа Францішак мае да беларускага народа.

Беларускі народ — што Маці Божая ля Укрыжавання

Кардынал распавёў, што ўражаны тым болем, які беларускі народ перажываў зусім нядаўна, калі быў пазбаўлены права мець сваіх духоўных праваднікоў, калі быў вымушаны бараніць сваю веру, і часам вельмі высокім коштам.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы назваў гэты шлях крыжовым шляхам беларускага народа і сказаў, што Папа салідарны з народам, які столькі цярпеў і страціў.

Беларускі народ іерарх параўнаў з Божай Маці, якая стаіць пад крыжам скатаванага сына.

Таксама кардынал П`етро Паралін прыгадаў народ, які апісваўся ў літургічным чытанні гэтага дня: «Народ у выгнанні, пра які распавядае першае чытанне, перанёс боль расстання, адасобленасці і пераследу. Але Бог не пакінуў свой народ і паспяшаўся знайсці яго і вярнуць на сваю зямлю». 

Дзяржсакратар заклікаў мець надзею і памятаць пра тое, што пакінулі беларусам дзяды і бацькі, якія «верылі ў любоў Бога, супраціўляліся нянавісці не толькі дзеля таго, каб захаваць свае традыцыі. Яны ведалі, што знявага Бога — гэта знішчэнне чалавечнасці і пачуццяў, што нараджаюцца ў чалавечай душы. Яны не хацелі, каб іх аддзялілі ад Бога».

Падчас прабывання ў Беларусі кардынал П`етро Паралін сустракаўся з людзьмі, якія дзяліліся вопытам сваёй веры, вопытам барацьбы і змагання, з людзьмі, якія ведаюць, у чым заключаецца годнасць чалавека, за якую яны гатовыя былі памерці, каб толькі не страціць.

Кардынал адзначыў, што гэта барацьба не павінна застацца ў мінулым. Адчуваць сваю годнасць - мець адвагу быць свабодным, абараняць сваю веру, па словах Дзяржаўнага Сакратара, патрэбна і сёння: трэба бараніць яе ад новых бажкоў і ідалаў, якіх прадукуе сучасны свет.

«Адказвайце на Божую любоў, працягвайце маліцца са шчырымі сэрцамі так, як гэта ўмее рабіць толькі славянская душа, таму што такім чынам вы збавіце таксама тых, хто не верыць, і нават тых, хто запляміў сябе самымі жудаснымі злачынствамі. Ганарыцеся тым, што вы хрысціяне, разам з вашымі братамі іншых канфесій», — заклікаў беларускі народ Дзяржсакратар Святога Айца.

Таксама кардынал П`етро Паралін прасіў памятаць пра той прыклад, які трэба даваць маладым, якімі поўніцца Касцёл у Беларусі, і найменшым — дзецям.

«Дзеці — гэта самае каштоўнае і далікатнае з таго, што мы маем. Я абяцаю, што кожны дзень буду маліцца за гэтых дзяцей і за ўсіх дзяцей Беларусі, каб яны маглі шчасліва гуляць і будаваць сваю будучыню з надзеяй, каб любілі жыццё і мелі мужнасць жыць да самага канца без страху, без унутранай пусткі, без ляноты і каб не мусілі прадаваць сваю годнасць, такую каштоўную ў Божых вачах. Няхай Бог будзе іх моцай, а яны самі няхай ажыўляюць Касцёл і ствараюць народ, які складаецца са свабодных, сумленных, адданых справе і поўных энтузіязму людзей», — такімі словамі скончвалася гамілія.

Напрыканцы Імшы пасля падзякі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча шаноўнаму госцю, а таксама ўсім, хто прыклаў свае намаганні, час і сваё сэрца, каб сустрэць і паказаць бліжэйшаму супрацоўніку Папы Францішка Беларусь, яе народ, праблемы, аблічча яе цяперашнасці, прысутныя вернікі напоўнілі архікатэдру апладысментамі. У гэтым жэсце была падзяка, а таксама падтрымка слоў запрашэння, скіраванага да Папы Францішка, наведаць Беларусь. І дзяржаўныя, і духоўныя ўлады, і моладзь, і нават дзеці, якія напоўнілі мінскую катэдру, выказалі сваёй прысутнасцю вялікую радасць сустрэцца з Папам Францішкам менавіта ў Беларусі, каб разам з Наступнікам святога Пятра маліцца за сваю краіну на роднай зямлі, якая патрабуе і малітвы, і свабоды ў Хрысце.

Аксана Ючкавіч
catholic.by, 15 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/757/30101
Текущая дата: 06.11.2024