Белорусский портал в Казахстане

Дзяржаўтаінспекцыя правядзе ўсебеларускае спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага - дзеці!" з 25 мая па 5 чэрвеня



Аб гэтым паведамілі ва УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

"Найбольшая колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей адбываецца з чэрвеня па верасень, гэта значыць у час школьных канікул. У дзяцей з`яўляецца шмат свабоднага часу, яны часта застаюцца без догляду дарослых. Як правіла, церпяць дзеці ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў. Акцыя "Увага - дзеці!" прымеркавана да пачатку летняга адпачынку дзяцей. Цяпер ужо многія бацькі пачынаюць адвозіць дашкалят у вёскі да сваякоў. Хутка завершацца заняткі і ў школьнікаў. Каб зрабіць баўленне часу для дзяцей бяспечным, праваахоўнікі і педагогі аб`яднаюць свае намаганні", - растлумачылі ва УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Міліцыянеры наведаюць працоўныя калектывы, растлумачаць дарослым прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам непаўналетніх, нагадаюць аб правілах іх бяспечнай перавозкі, адказнасці за парушэнні ПДР, а таксама неабходнасці асабістага прыкладу правільных паводзін на дарозе. Акрамя таго, у час правядзення акцыі "Увага - дзеці!" аўтамабілістам трэба будзе перамяшчацца ў светлы час сутак з уключаным блізкім святлом фар. Гэта неабходна для прыцягнення ўвагі маленькіх пешаходаў да транспартнага сродку, які рухаецца.

У Дзяржаўтаінспекцыі канстатавалі, што за 4 месяцы бягучага года ў Мінску здарылася 12 ДТЗ з удзелам непаўналетніх. Гэта на дзевяць выпадкаў менш, чым за аналагічны перыяд 2014 года. У інцыдэнтах са студзеня па красавік 2015 года 12 юных удзельнікаў дарожнага руху атрымалі раненні, у той час як за мінулы год за гэты перыяд пацярпелі 25 чалавек. Гібель дзяцей у бягучым годзе не зарэгістравана, у адрозненне ад 2014 года, калі памерла адно дзіця.

22 мая 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/757/31353
Текущая дата: 27.12.2024