Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і ўвайшла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА).
Аб гэтым было аб`яўлена 14 мая ў Ерэване на Канферэнцыі міністраў адукацыі краін ЕПВА і форуме па Балонскай палітыцы.
Падчас дыскусіі аб уваходжанні Беларусі некаторыя ўдзельнікі канферэнцыі выказалі занепакоенасць. Міністры адукацыі Нарвегіі, Швецыі, Нідэрландаў і Ісландыі заявілі пра неабходнасць выканання Беларуссю ўмоў дарожнай карты па далучэнні да Балонскага працэсу.
Прадстаўнік Швецыі, у прыватнасці, падкрэсліла, што адчувае сваю адказнасць за пашырэнне студэнцкіх і акадэмічных свабод у Беларусі, таму, на яе думку, "вельмі важна, каб краіна кіравалася гэтай дарожнай картай".
А міністр адукацыі Ісландыі заявіў: "Дарожная карта — гэта не прапанова, а патрабаванне, якое павінна быць выканана. Важна, каб усе яе ўмовы былі выкананыя як мінімум. Мы павінны вельмі ўважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі, ці выконваюцца там акадэмічныя свабоды, прынцыпы мабільнасці і ў цэлым правы чалавека".
Заяўку на далучэнне да Балонскага працэсу і далучэнне да ЕПВА Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала ў 2014 годзе. У пачатку красавіка гэтага года стала вядома, што беларускае пытанне ўключана ў парадак дня, і кіраўнік Мінадукацыі Міхаіл Жураўкоў атрымаў запрашэнне на канферэнцыю ў Ерэван.
Беларусь увайшла ў Балонскі працэс з другой спробы. Першую заяўку меркавалася разгледзець яшчэ ў красавіку 2012 года на саміце міністраў адукацыі ЕПВА. Аднак пры падрыхтоўцы саміта Балонская рабочая група вырашыла зняць заяўку Беларусі з парадку дня ў сувязі з невыкананнем краінай такіх прынцыпаў Балонскага працэсу, як акадэмічная свабода, інстытуцыянальная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.
Кіраўніцтва Мінадукацыі Беларусі, са свайго боку, неаднаразова заяўляла, што прэтэнзіі "ляжаць не ў сферы адукацыі, а ў іншай сферы", і што Беларусь даўно гатовая да ўваходжання ў Балонскі працэс. Пры гэтым міністр адукацыі не сумняваўся ў тым, што чарговая спроба далучэння будзе паспяховай. "Мне здаецца, я нават упэўнены, што сёлета ў нас усё атрымаецца. І мы спакойна, без мітусні станем членамі Балонскага працэсу", — заявіў Міхаіл Жураўкоў незадоўга да паездкі ў сталіцу Арменіі.
Каментуючы прынятае ў Ерэване рашэнне, ён назваў далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу "важным і адказным крокам у развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі", які "адлюстроўвае высокі ўзровень беларускай сістэмы адукацыі і ставіць перад намі велізарныя задачы па яе развіцці і абнаўленні".
"Уключэнне нас у Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі адлюстроўвае прызнанне сусветнай грамадскасцю беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі і пацвярджае факт таго, што нацыянальная мадэль канкурэнтаздольная і зможа інтэгравацца ў сусветную адукацыйную прастору", — цытуе міністра прэс-служба Мінадукацыі Беларусі.
Жураўкоў падкрэсліў, што "стратэгія развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі заснавана на міжнароднай інтэграцыі, уцягванні ў працэс абнаўлення нацыянальнай сістэмы адукацыі максімальна шырокага кола зацікаўленых бакоў, уключаючы работадаўцаў, прадстаўнікоў студэнцкага самакіравання і міжнародных экспертаў".
Балонскі працэс — працэс збліжэння і гарманізацыі сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўропы з мэтай стварэння адзінай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
Афіцыйнай датай пачатку працэсу лічыцца 19 чэрвеня 1999 года, калі прадстаўнікі 29 краін дакументальна аформілі ў Балонні (Італія) сваё рашэнне ўдзельнічаць у добраахвотным працэсе стварэння ЕПВА. На сёння працэс уключае ў сябе 47 краін з 49 дзяржаў, якія ратыфікавалі Еўрапейскую культурную канвенцыю Савета Еўропы (1954). Балонскі працэс адкрыты для далучэння іншых краін.
Анастасія Салановіч, Таццяна Каравянкова
Мінск, 14 мая 2015, БелаПАН
Мінск, 14 мая 2015, БелаПАН
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/758/30982
Текущая дата: 27.12.2024