Пра гэта паведаміла старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасмеццева.
Супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі пры падтрымцы спецпадраздзялення "Алмаз" затрыманыя члены арганізаванай злачыннай групы, якія аказвалі садзейнічанне розным суб`ектам гаспадарання Беларусі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў.
Аператыўнікі ўстанавілі больш за 200 такіх прадпрыемстваў у рэальным сектары эканомікі. Паводле папярэдніх падлікаў ГУБЭЗ МУС, сума нанесенага ўрону перавышае 300 млрд. рублёў, і аператыўнікі не выключаюць, што гэтая лічба значна вышэйшая.
Паводле інфармацыі Веранікі Пасмеццевай, у дзень затрымання злачынцаў адначасова ў розных абласцях краіны аператыўнікі правялі больш за 40 вобыскаў. У офісах і жылых памяшканнях выяўленыя і канфікаваныя прадметы і дакументы, таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, якія даказваюць супрацьпраўную дзейнасць, а таксама восем адзінак агнястрэльнай зброі і больш за 300 боепрыпасаў, якія накіраваныя на экспертызу.
Адным з асноўных кірункаў дзейнасці членаў арганізаванай злачыннай групы было заключэнне мільярдных кантрактаў з прадпрыемствамі дзяржаўнай формы ўласнасці для паставак прадукцыі і абсталявання па завышанай цане. Акрамя таго аператыўнікі БЭЗ зафіксавалі факты пераводу грашовых сродкаў у наяўныя праз ілжэструктуры па згаданых кантрактах, якія затым былі размеркаваныя паміж членамі групы.
Паміж удзельнікамі групоўкі былі выразна размеркаваныя абавязкі, на працягу некалькіх гадоў яны па загадзя прадуманай схеме выкарыстоўвалі розныя спосабы ўтойвання падатковай базы: вялі двайную бухгалтэрыю, не адлюстроўвалі ва ўліковых дакументах даход ад рэалізацыі тавараў, праводзілі фіктыўныя беставарныя здзелкі.
Упраўленнем следчага камітэта па Мінску ў дачыненні да падазраваных асоб распачатыя справы на падставе ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў, якое пацягнула прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры), а таксама паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243 КК (дапамаганне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў, якое пацягнула прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры).
Асноўныя фігуранты крымінальных спраў, у тым ліку асоба, якая выконвала функцыі арганізатара, змешчаныя пад варту. На гэтым этапе ім інкрымінуецца прычыненне ўрону на суму больш як 4 млрд. рублёў.
Праводзяцца следчыя дзеянні, прымаюцца меры па пакрыцці нанесенага ўрону. На разліковыя рахункі суб`ектаў гаспадарання і на ўстаноўленыя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці накладзены арышт.
Паводле беларускага крымінальнага заканадаўства, за ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў, якое пацягнула прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры, прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 5 сакавіка 2015
Мінск, 5 сакавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/759/29947
Текущая дата: 06.11.2024