1 сакавіка закончыўся перыяд, на працягу якога індывідуальныя прадпрымальнікі маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі легпрама, увезенай з краін Мытнага саюза без дакументаў.
Паводле ацэнак РГА "Перспектыва", прыкладна 80% індывідуальных прадпрымальнікаў на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі сёння не выйшлі на працу, выказаўшы такім чынам недавер словам чыноўнікаў, якія запэўнівалі напярэдадні, што кантрольныя органы не будуць з 1 сакавіка прымяняць санкцыі ў дачыненні да гандляроў несертыфікаванай прадукцыяй легпрама.
У адпаведнасці з нормамі ўказа прэзідэнта № 222 ад 16 мая 2014 года 1 сакавіка закончыўся перыяд, на працягу якога індывідуальныя прадпрымальнікі — плацельшчыкі адзінага падатку маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі легпрама, увезенай з краін Мытнага саюза без дакументаў, што пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў.
Аднак 28 лютага на брыфінгу ў Мінску намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой заявіў, што ў хуткім часе ўрад Беларусі падрыхтуе дакумент аб легалізацыі продажу рэшткаў тавараў легпрама індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія не маюць на іх дакументаў. Апрача таго, чыноўнік паведаміў, што кантрольныя органы не будуць прымяняць санкцыі ў дачыненні да ІП да прыняцця новага ўказа. "Усе могуць працаваць спакойна", — заявіў ён.
Крутой паведаміў, што праект новага ўказа павінен будзе "канчаткова выпрацаваць механізм па легалізацыі рэшткаў тавараў", "стварыць роўныя ўмовы пры разавай рэалізацыі паміж замежнымі грамадзянамі і грамадзянамі Беларусі", "вызначыць адзіны механізм для кантрольных органаў па выяўленні фактаў фальсіфікаваных дакументаў", "выпрацаваць канчатковую прававую аснову для ІП, якія маюць увесь пакет дакументаў па пераходзе на спрошчаную сістэму падаткаабкладання" і "максімальна вырашыць пытанне аб наяўнасці суправаджальных дакументаў па руху тавару ад склада да гандлёвага месца". Паводле яго слоў, плануецца, што ў панядзелак, 2 сакавіка, тэкст указа паступіць ва ўрад.
Як зазначыў старшыня РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка, нягледзячы на шырокую інфармацыйную кампанію, разгорнутую ў дзяржаўных СМІ асобнымі чыноўнікамі, "малы бізнес упершыню не паверыў гэтым угаворам". Сёння прадпрымальнікі, сказаў ён, чакаюць "сур`ёзных дзеянняў з боку ўладаў", чакаюць, што "будуць прынятыя нейкія нарматыўна-прававыя акты па прыпыненні дзеяння ўказа № 222 або накладанні мараторыя на праверкі".
"Дакументаў ніякіх няма, і калі браць паводле закону, то сёння патрабаванні па ўказе прэзідэнта № 222 і сертыфікатах дзейнічаюць. Галаслоўныя заявы намесніка міністра да справы не прышыеш", — падкрэсліў лідар "Перспектывы".
"Хаатычныя рухі ўладаў вакол новага ўказа гавораць пра тое, што яны сапраўды ўсвядомілі, у якую сур`ёзную сітуацыю трапілі, але ж "Перспектыва" пра гэта ўжо казала. Пры гэтым мы не разумеем, чаму ўлады з сітуацыі імкнуцца выйсці такім дзіўным чынам: да абмеркавання праекта ўказа нас не запрашаюць, праект распрацоўваюць, а ў нас яго няма", — сказаў Шумчанка.
Тым не менш, паводле яго слоў, 80% ІП, якія не выйшлі сёння на працу, яшчэ "не азначаюць, што адбываецца нейкая забастоўка". "Мы нікога не заклікалі, не адгаворвалі выходзіць на працу, ніякіх сутычак не ладзілі. Гэта аб`ектыўная рэальнасць, якая склалася ў выніку працы чыноўнікаў і прынятых уладамі законаў у дачыненні да малога бізнесу", — растлумачыў ён.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 1 сакавіка 2015
Мінск, 1 сакавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/760/29890
Текущая дата: 06.11.2024