Белорусский портал в Казахстане

У Шчучыне абмеркавана падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства



У Шчучыне (Гродзенская вобласць) пад старшынствам намесніка прэм`ер-міністра Беларусі Наталлі Качанавай адбылося пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, разгледжаны шэраг пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай мерапрыемства: канцэпцыя правядзення свята, падрыхтоўка аб`ектаў і добраўпарадкаванне тэрыторый, арганізацыя працы гандлёвых радоў, удзел замежных гасцей.

Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Шчучыне 6 верасня 2015 года. Асноўнымі тэмамі святочных мерапрыемстваў стануць Год моладзі і 70-годдзе Вялікай Перамогі.

На пасяджэнні аргкамітэта адзначана, што ў горадзе вядуцца значныя работы па рамонце, рэканструкцыі і аднаўленні будынкаў, вуліц, абнаўленні жыллёвага фонду, уводу ў дзеянне аб`ектаў сацыяльна-культурнай сферы, рэканструкцыі помнікаў архітэктуры і мастацтва. У прыватнасці, плануецца да Дня беларускага пісьменства завяршыць рэканструкцыю палаца Друцкіх-Любецкіх. Немалаважнай падзеяй для горада будзе і адкрыццё новай кнігарні, а таксама адноўленай бібліятэкі.

Упершыню ў межах свята адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія" за 2014 год, а таксама пройдзе пленэр скульптараў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 4 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/760/29926
Текущая дата: 06.11.2024