Белорусский портал в Казахстане

У міліцыю здадзены рарытэтны кулямёт "Максім" узору 1927 года



Аб гэтым паведаміў інспектар Кастрычніцкага РУУС Мінска.

Аляксандр Хаткоўскі, старшы інспектар Кастрычніцкага РУУС горада Мінска: "У межах правядзення аперацыі "Арсенал" да нас у дазвольную сістэму Кастрычніцкага РУУС горада Мінска звярнуўся жыхар пасёлка Сокал і добраахвотна здаў незарэгістраваны кулямёт, знойдзены ім на гарышчы хлява бацькавага дома. Паводле ацэнкі спецыялістаў, гэта мадыфікаваная версія кулямёта "Максім" узору 1927 года выпуску. Кулямёт устанаўліваўся, хутчэй за ўсё, на самалёце або бронетранспарцёры. Падача патронаў ажыццяўлялася стужкай. 

Мяркуецца, што такая версія была выпушчаная ў колькасці 100 адзінак. 

Пасля правядзення крыміналістычнай экспертызы будзе прынятае рашэнне аб перадачы кулямёта ў музей або Вялікай айчыннай вайны, або "Лініі Станіна". Гэта будзе вырашаць кіраўніцтва МУС. 

Экспертыза будзе высвятляць, ці з`яўляецца гэты прадмет агнястрэльнай зброяй, а таксама ці прыгодны ён для стральбы. 

Грамадзянін прынёс 84 патроны калібру 7,62 мм, на патронах указана, што яны 1941 года выпуску. Паводле слоў спецыялістаў, гэтыя патроны маглі выпускацца на адным з заводаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Такія заводы былі ў Луганску і Новасібірску. Патроны добра захаваліся, таму што ляжалі на гарышчы хлява. 

Калі б грамадзянін не здаў кулямёт і патроны, і зброю знайшлі, яго прыцягнулі б да крымінальнай адказнасці, гэта да сямі гадоў пазбаўлення волі". 

БелаПАН, 27 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/766/30338
Текущая дата: 28.12.2024