Афіцыйнае адкрыццё міжнароднага музычнага фестывалю «Залаты шлягер-2023» адбудзецца ў чацвер. Але ўжо з аўторка адбываюцца канцэрты ў яго рамках.
Першымі старт музыкальнаму святу далі джазавыя выканаўцы. Канцэрт «Джаз і не толькі». «Прэм’ер Аркестра» праходзіць сёння на галоўнай сцэне фестывалю ў Палацы культуры вобласці.
— Джаз — гэта стан душы, вялікі сусвет з паджанрамі, — паведаміла сёння падчас прэс-канферэнцыі савецкая, армянская, расійская джазспявачка, як яе называюць, бязмежных вакальных магчымасцяў, Марыям Мерабава. — Гэта самы прагрэсіўны род музычнага мастацтва, які прапагандуе новае і перадавое.
Марыям ніколі не была на «Залатым шлягеры» ў Магілёве, але ёй адразу ж спадабалася атмасфера. Яна расказала, што ў яе жыцці было шмат цікавых практык работы з вялікімі артыстамі. І самы яркі з іх, гэта ўдзел у мюзікле We will rock you, дзе ёй была прапанавана адна з галоўных роляў — Killer Queen. Мюзікл быў напісаны музыкантамі гурта Queen — Браянам Мэем і Роджэрам Тэйларам у памяць аб вакалісту Фрэдзі Мэрк’юры. Роджэр Тэйлар і Браян Мэй навучылі яе «быць богам на сцэне, а ў зале чалавекам». Паўгода рэпетыцый з імі пакінулі незабыўны след у яе душы. Спявачцы наогул шчасціла на знакамітых партнёраў. Яна з удзячнасцю ўспамінае Людмілу Гурчанка, якая рабіла цудоўныя эксперыменты з джазам. Яе дыск «Сумная пласцінка» вынік гэтых досведаў.
— Нехта лічыць, што джаз гэта выключна англійская мова, але гэта памылка, — перакананая Марыям Мерабава. — Джаз — гэта пэўны рытм, ён наогул бязмежны — сусветнага маштабу музыка. Людміла Гурчанка працавала на своеасаблівым мастку «руская мова-джаз». І я так сама збіраюся на канцэрце рабіць масткі паміж музыкай і залай. Джаз — гэта любоў.
Аўтар: Нэлi Зігуля
Звязда, 24 кастрычніка 2023
Звязда, 24 кастрычніка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/77/71304
Текущая дата: 19.11.2024