26 кастрычніка ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная комплекснаму прагнозу навукова-тэхнічнага прагрэсу Беларусі на 2026—2030 гады і на перыяд да 2045 года.
На пытанні журналістаў адказвалі старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў і дырэктар Беларускага інстытута сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы Наталля Паўлава.
Трэба адразу адзначыць, што гэтае мерапрыемства — лагічны працяг нарады, якую правёў Прэзідэнт 20 кастрычніка і якая прысвячалася пытанням удасканалення сістэмы планавання і кантролю за рэалізацыяй стратэгічных праектаў. Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія праекты — будучыня нашай краіны, асабліва сёння, калі адбываецца шокавая перанастройка ў сусветных палітычных, эканамічных, фінансавых адносінах. Разам з тым Прэзідэнт засяродзіў увагу ўдзельнікаў нарады на недастатковай рэалізацыі праектаў у рэальным сектары эканомікі. Але ж эканамічны эфект — галоўная мэта ўсіх праектаў. Таму над гэтым трэба працаваць, устараняць недахопы, якія зараз існуюць.
Комплексны прагноз як падмурак сістэмнай работы
Менавіта Комплексны прагноз навукова-тэхнічнага прагрэсу павінен стаць адным са сродкаў устаранення недахопаў. Сяргей Шлычкоў адзначыў, што Комплексны прагноз з`яўляецца дакументам стратэгічнага планавання сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на сярэднетэрміновы, пяцігадовы, перыяд і на доўгатэрміновы, да 2045 года. Комплексны прагноз дае магчымасць вызначыць найбольш перспектыўныя кірункі дзейнасці ў эканоміцы.
Цяперашні дакумент у адрозненне ад папярэдняга ахоплівае ўжо 15 галін эканомікі, якія фарміруюць аснову ўнутранага валавога прадукту краіны, і закранае 22 віды эканамічнай дзейнасці. Такое дзяленне дазваляе максімальна сінхранізаваць прагноз з дакументамі сацыяльна-эканамічнага планавання, якія распрацоўвае Міністэрства эканомікі. Дарэчы, статыстыка сведчыць, што практычна ва ўсіх галінах, для якіх распрацоўваўся папярэдні Прагноз, ад 25 % да 65 % аб`ектаў прагназавання былі ўключаны ў галіновыя планы развіцця.
Як гэта працуе?
Аб тым, як праходзіла работа над Прагнозам, расказала Наталля Паўлава. Яна адзначыла, што над праектам працавала больш за 150 спецыялістаў. Прычым у складах экспертных саветаў прысутнічалі як прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, так і бізнесу.
Дзякуючы такому парытэту, удалося вызначыць найбольш перспектыўныя кірункі. На першым этапе экспертамі быў складзены пералік аб`ектаў прагназавання. Да іх адносяцца перспектыўныя інавацыйныя тэхналогіі, тавары і паслугі, якія забяспечаць канкурэнтныя перавагі нашай краіне. Асаблівасцю гэтага пераліку стала тое, што ён быў узгоднены з усімі зацікаўленымі бакамі. Іншымі словамі, на этапе яго фарміравання буйныя прадпрыемствы, ведамствы ўносілі свае заўвагі і прапановы, што, безумоўна, паспрыяла найбольшай дакладнасці пераліку.
Другі этап — непасрэдна прагназаванне. Для кожнага аб`екта прагназавання прызначаліся пэўныя значэнні, якія фарміраваліся з некалькіх параметраў. Гэта трэнды сусветнай эканомікі, ёмістасць рынку, а таксама наяўнасць інфраструктуры для рэалізацыі праекта. На падставе гэтых значэнняў аб`ектам прагназавання прысвойваўся індэкс перспектыўнасці, а ў канчатковым выніку быў складзены рэйтынг найбольш перспектыўных і эфектыўных праектаў (навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх работ, інавацыйных, інвестыцыйных праектаў). Ён аб`яднаў праекты для сярэдне- і доўгатэрміновага прагнозаў. У першы прагноз увайшло 365 аб`ектаў, у другі — больш за 400.
Акрамя таго, усе аб`екты падзелены на тры катэгорыі ў залежнасці ад ступені распрацоўкі. Першая катэгорыя — аб`екты, якія ўжо гэтую пяцігодку (маюцца на ўвазе 2026—2030 гады) можна пакласці ў аснову бізнес-плана і пачынаць вытворчасць. Другая катэгорыя аб`ядноўвае доследныя і эксперыментальныя ўзоры. Дзеля рэалізацыі такіх праектаў патрэбна пэўная падрыхтоўка, напрыклад падбор і падрыхтоўка кадраў або стварэнне адпаведнай інфраструктуры. Да трэцяй катэгорыі аднесены аб`екты ўзроўню ідэі і канцэпцыі, што патрабуюць дасканалай распрацоўкі.
У сваю чаргу, Сяргей Шлычкоў дадаў, што яшчэ адзін значны вынік Комплекснага прагнозу — гэта адзіная сістэма прыярытэтаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. На сёння вызначана сем прыярытэтаў. Найбольш важкі з іх — інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Менавіта гэты кірунак дае найбуйнейшы эканамічны эфект. Сярод іншых прыярытэтаў старшыня ДКНТ назваў машынабудаванне, металургію, электроніку і прыборабудаванне; медыцыну, фармакалогію і медыцынскія біятэхналогіі; энергетыку, будаўнічыя тэхналогіі, матэрыялы з зададзенымі якасцямі...
Космас — наперадзе
Між іншым, пытанні журналістаў закраналі не толькі непасрэдна тэму прэс-канферэнцыі. Так, даволі цікавым было пытанне наконт навукова-тэхнічнай кааперацыі з Расійскай Федэрацыяй. Сяргей Шлычкоў адзначыў, што ў гэтым кірунку работа ідзе ў рамках праектаў і праграм Саюзнай дзяржавы. На сёння ўжо завершана больш за 60 сумесных праграм. Большасць з іх — у сферы сумеснага выкарыстання касмічнай прасторы. Дзякуючы іх рэалізацыі, сёння ў космасе дзейнічае сумесная групоўка касмічных апаратаў па дыстанцыйным зандаванні зямлі.
Старшыня ДКНТ расказаў і пра стратэгічныя праекты, якія сёння рэалізоўваюцца. Ён адзначыў, што агульная колькасць стратэгічных праектаў — 30—35. Сярод іх — такія агульнавядомыя, як будаўніцтва БелАЭС, стварэнне БНБК, маштабная мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай галіны. Што датычыцца тых, якія сёння ў стадыі рэалізацыі, то тут Сяргей Шлычкоў вызначыў развіццё нацыянальнага электратранспарту. Прычым ён звярнуў увагу не столькі на выраб электробусаў, якія карыстаюцца попытам за межамі нашай краіны, колькі на стварэнні ўласных камплектуючых для іх вытворчасці.
Ён таксама выказаў упэўненасць, што Савет па стратэгічных інвестпраектах, які неўзабаве будзе створаны, дасць новы імпульс для іх развіцця.
Уладзімір Вярэніч
Звязда, 26 кастрычніка 2023
Звязда, 26 кастрычніка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/77/71337
Текущая дата: 19.11.2024