У 2014 годзе на рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў пададзена 162 заяўкі, 45 з іх — у намінацыі "Лепшы інавацыйны праект", 117 — "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект".
Як паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ), гэта найбольшая колькасць заявак на ўдзел у конкурсе за ўсю пяцігадовую гісторыю яго правядзення. Рост колькасці заявак у камітэце звязваюць з павелічэннем матэрыяльнага ўзнагароджання пераможцам і прызёрам конкурсу.
Сёлета грашовыя ўзнагароджанні і прэміі пераможцам і прызёрам конкурсу складуць: за першае месца — 60 тарыфных ставак першага разраду, або 16,5 млн. рублёў (раней — 22 стаўкі); за другое месца — 40 тарыфных ставак, або 11 млн. (13); за трэцяе месца — 20 тарыфных ставак, або 5,5 млн. (9). Апрача таго, прадугледжана магчымасць атрымання сертыфікату на 400 тарыфных ставак першага разраду.
Да правядзення конкурсу ў 2014 годзе актыўна падключыўся Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Так, у межах праекта "100 ідэй для Беларусі" на рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў пададзена 72 заяўкі.
Прыём матэрыялаў на ўдзел у конкурсе завяршыўся 1 лістапада 2014 года. Зараз усе праекты, якія паступілі, знаходзяцца на разглядзе экспертаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, большая колькасць праектаў накіравана на вырашэнне адразу некалькіх інавацыйных задач у розных галінах эканомікі, як, напрыклад, экалогія, будаўніцтва і энергетыка, ахова здароўя, тэхналогіі хімічных, фармацэўтычных і мікрабіялагічных вытворчасцяў, прыборабудаванне, радыёэлектроніка, інфарматызацыя і інфармацыйныя тэхналогіі. Найбольшая колькасць заявак, якія паступілі, тычацца экалогіі і рацыянальнага прыродакарыстання, праблем будаўніцтва і энергетыкі, IT, аховы здароўя, сацыяльна-эканамічных праблем.
ДКНТ і Беларускі інавацыйны фонд плануюць у лістападзе-снежні правесці семінар-трэнінг для падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу да разгляду і абароны інавацыйных праектаў. Прадугледжваецца, што на ім выступяць вядучыя беларускія спецыялісты па інавацыйнай і венчурнай дзейнасці і бізнес-планаванні.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 5 лістапада 2014
Мінск, 5 лістапада 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/787/28038
Текущая дата: 20.11.2024