Акцыю "Пазнай сябе беларусам" арганізавала аб`яднанне "Арт Сядзіба".
Каля 100 валанцёраў больш як у двух дзясятках ажыўленых кропак сталіцы раздалі да пяці тысяч метраў арнаментальнай стужкі. Як паведамляюць удзельнікі акцыі, большасць людзей, незалежна ад іх узросту, пазітыўна ўспрынялі акцыю, з задавальненнем бралі стужачкі і прымацоўвалі іх на адзенне, на сумкі, машыны і г.д.
Як адзначыў адзін з удзельнікаў акцыі Франак Вячорка, было вельмі прыемна бачыць, як людзі рознага ўзросту — дзеці, моладзь, пажылыя — станоўча рэагавалі на стужачкі з беларускім арнаментам.
Акцыя была азмрочана інцыдэнтам у раёне сталічнага Камароўскага рынку, дзе падчас раздачы стужачак затрымалі дырэктара "Арт Сядзібы" Паўла Белавуса, грамадскага актывіста і журналіста Франака Вячорку, а таксама фатографа Уладзіміра Грыдзіна. Яны былі затрыманы апоўдні, калі каля іх сабралася занадта шмат людзей, якія пажадалі атрымаць стужачкі з арнаментам. Міліцыянеры сказалі, што ім патэлефанавалі і паведамілі аб правядзенні акцыі.
У аддзяленні міліцыі Савецкага РУУС ва ўдзельнікаў акцыі ўзялі тлумачэнні, пасля чаго адпусцілі. Пратаколы ў дачыненні да іх не складаліся. Каля 30 стужачак з арнаментам засталіся ў міліцыі.
Арганізатары маюць намер і далей праводзіць такія акцыі.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 6 снежня 2014
Мінск, 6 снежня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/789/28503
Текущая дата: 28.12.2024