Белорусский портал в Казахстане

Толькі ў трох гарадах Беларусі — Шклове, Клічаве і Горках — мужчын больш, чым жанчын



Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Беларусь адносіцца да той катэгорыі краін, дзе на працягу доўгага часу колькасць мужчынскага насельніцтва меншая, чым колькасць жаночага. Паводле даных дэмаграфічнай статыстыкі, на пачатак бягучага года мужчын у рэспубліцы налічвалася 4 млн 401,3 тыс. чалавек, або 46,5 працэнта агульнай колькасці насельніцтва.

Сярэдні ўзрост мужчын на пачатак бягучага года склаў 37,1 года. Прычым у гарадах мужчынскае насельніцтва значна маладзейшае, чым у сельскай мясцовасці. Так, сярэдні ўзрост гараджан — 36 гадоў, сельскіх жыхароў — 40,5 года. Прычым сярэдні ўзрост мужчын на 5,2 года меншы, чым сярэдні ўзрост жанчын.

У Беларусі штогод хлопчыкаў нараджаецца больш, чым дзяўчынак. Так, у 2013 годзе нарадзілася 60,8 тыс. хлопчыкаў і 57,2 тыс. дзяўчынак. Як вынік, на 1000 нованароджаных хлопчыкаў прыпадала ўсяго толькі 941 дзяўчынка.

У цэлым па рэспубліцы ў мінулым годзе на 1000 мужчын прыпадала 1151 жанчына. Па меры сталення дыспрапорцыя паміж поламі выраўноўваецца, а вакол мужчын ва ўзросце 30-33 гадоў становіцца ўсё больш іх равесніц. Найбольшая гендарная дыспрапорцыя назіраецца ў пажылых узростах: да 65 гадоў мужчын становіцца ў паўтара раза менш, чым жанчын, а да 74 гадоў — больш як у два разы.

У Беларусі 66,7 працэнта мужчын — у працаздольным узросце.

У 2013 годзе ў шлюб уступіла 87,1 тыс. мужчын. Яны аддаюць перавагу стварэнню сям’і ва ўзросце 25-29 гадоў (32,7 працэнта ад агульнай колькасці шлюбаў) і 20-24 гадоў (28,1 працэнта). Упершыню стварылі сям’і 63,9 тыс. мужчын, з іх 599 — ва ўзросце старэйшым за 50 гадоў. Сярэдні ўзрост жаніха пры ўступленні ў першы шлюб у 2013 годзе склаў 27,1 года, у паўторны шлюб — 40,3 года.

Паводле даных выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, на пачатак 2014 года кожны трэці (33 працэнты) мужчына ва ўзросце 16 гадоў і старэйшым ацэньваў стан свайго здароўя як добры.

Сусветны дзень мужчын адзначаецца ў Беларусі ў першую суботу лістапада. У бягучым годзе свята прыпадае на 1 лістапада.

Сусветны дзень мужчын адзначаецца ў мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы няроўнасці полаў і важнасці захавання здароўя хлопчыкаў і мужчын, а таксама да пазітыўнага ўплыву мужчынскай часткі насельніцтва на сям’ю і выхаванне дзяцей.

Звязда, 28 кастрычніка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/796/27881
Текущая дата: 27.12.2024