Белорусский портал в Казахстане

Зарплата ў прадстаўніцтвах замежных арганізацый у Беларусі будзе выплачвацца ў беларускіх рублях



Аб гэтым сказана ў пісьме Нацыянальнага банка камерцыйным банкам.

Замежныя і беларускія грамадзяне, працаўладкаваныя ў прадстаўніцтвы замежных арганізацый, з 25 ліпеня павінны атрымліваць зарплату толькі ў беларускіх рублях.

Тое ж датычыцца і выплаты зарплаты замежным грамадзянам, якія працуюць у Беларусі ў арганізацыях з замежнымі інвестыцыямі.

У пісьме нагадваецца, што 25 ліпеня ўступіў у сілу закон ад 8 студзеня 2014 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь". З дапрацаванага дакумента быў выключаны артыкул, у якім былі прапісаны асаблівасці рэгулявання працоўных і звязаных з імі адносін у арганізацыях з замежнымі інвестыцыямі. Цяпер адсутнічаюць прававыя падставы для выплаты замежным работнікам, якія працуюць па працоўных дагаворах у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, зарплаты ў замежнай валюце, калі іншае не будзе ўстаноўлена актамі заканадаўства або міжнароднымі дагаворамі.

Згодна з Працоўным кодэксам, заработная плата выплачваецца ў грашовых адзінках Беларусі. Названая норма з`яўляецца імператыўнай. Працоўны кодэкс прымяняецца адносна ўсіх работнікаў (уключаючы замежных грамадзян) і наймальнікаў, якія заключылі працоўны дагавор на тэрыторыі Беларусі, калі іншае не ўстаноўлена актамі заканадаўства або нормамі ратыфікаваных і ўступіўшых у сілу міжнародных дагавораў або канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), удзельніцай якіх з`яўляецца Беларусь.

25 ліпеня 2014, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/799/26811
Текущая дата: 20.11.2024