Белорусский портал в Казахстане

Фільм-лаўрэат прэміі "Оскар-2014" будзе паказаны на кінафестывалі "Лістапад"



Аскараносны дакументальны фільм галандскага рэжысёра Моргана Нэвіла "За два крокі ад славы" будзе паказаны ў пазаконкурснай праграме дакументальнага кіно "The Best" на XXI Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад".

Па традыцыі, на фестывалі "Лістапад" глядач атрымлівае магчымасць убачыць фільмы, адзначаныя ўзнагародамі на іншых прэстыжных кінафорумах. У мінулым годзе ў ігравой і дакументальнай праграмах "Лістапада" прымалі ўдзел стужкі, якія ў далейшым былі намініраваны на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі ў катэгорыі "Лепшы фільм на замежнай мове". На гэты раз серыю паказаў тытулаваных фільмаў "Лістапада" пачне фільм Моргана Нэвіла "За два крокі ад славы" ("20 Feet from Stardom") - лепшы дакументальны фільм кінапрэміі "Оскар-2014" і ўладальнік іншых прэстыжных узнагарод.

У сваёй кінарабоце рэжысёр паказаў тых, хто прыўносіць форму і стыль у папулярную музыку і лепш за іншых ведае закуліссе вакальнага свету. Карціна складаецца з інтэрв`ю з бэк-вакалістамі, якія выконвалі хіты сумесна з артыстамі першай велічыні. Яны фактычна стваралі гісторыю папулярнай музыкі ў цені зорак, дапамагаючы запісваць шлягеры 1960-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Мільёны слухачоў ведаюць іх галасы, але ніхто не ведае іх імён і асоб. Застаючыся на другіх ролях, яны былі вымушаны шукаць магчымасць зрабіць уласную кар`еру і ахвяравалі многім дзеля музыкі.

21-ы кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 7 па 14 лістапада 2014 года ў Мінску. Арганізатар галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Заснавальнікі - Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.

26 верасня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/799/27601
Текущая дата: 26.12.2024