Белорусский портал в Казахстане

500-годзьдзе бітвы пад Воршай: будуць выставы, паштоўкі і экскурсія



Аршанскі райвыканкам забараніў адзначэньне 500-годзьдзя Аршанскай бітвы, у якім меліся ўзяць удзел некалькі соцень чалавек, у тым ліку прадстаўнікі замежных амбасадаў.

На 6 верасьня былі заплянаваныя набажэнства, экскурсія па Воршы і паездка на Крапівенскае поле з ускладаньнем кветак да памятнага знака, урачыстай часткай і канцэртам.

Адмова тлумачыцца няправільным афармленьнем заяўкі — заяўнікі не пазначылі крыніцы фінансаваньня імпрэзы, не было дакумэнтаў пра заключэньне дамоваў з «хуткай дапамогай».

Кіраўнік аргкамітэту сьвяткаваньня 500-годзьдзя бітвы пад Воршай мастак Мікола Купава кажа, што калі б улады імкнуліся выявіць павагу да беларускай гісторыі, то маглі б прапанаваць перапісаць заяўку, каб фармальныя недахопы былі ліквідаваныя. Такім чынам, паводле мастака, адмова сьведчыць пра нежаданьне ўладаў дапусьціць сьвяткаваньне перамогі беларусаў над усходнім суседам:

«Для гэтых людзей дата 8 верасьня і бітва на Крапівенскім полі ня маюць ніякага значэньня. Калі б хацелі паспрыяць, то на наступны дзень пасьля атрыманьня заяўкі маглі б паведаміць пра фармальныя недахопы ў заяўцы, якія былі б выпраўленыя. Нам напісалі, што ў парушэньне закону ў нашай заяве не пазначаныя крыніцы фінансаваньня масавых мерапрыемстваў. Ну хто пра гэта павінен ведаць і пісаць, якое будзе фінансаваньне?».

Пасьля атрыманьня адмовы на правядзеньне ўрачыстасьцяў Аргкамітэт пакуль яшчэ не зьбіраўся, каб абмеркаваць супольныя дзеяньні, зьвязаныя з 8 верасьня. Але Мікола Купава запэўніў, што адзначэньне будзе і ў Дзень беларускай вайсковай славы, і надалей:

«У нас распрацаваная праграма адзначэньня ад 8 верасьня да 3 сьнежня. Будзе шмат імпрэзаў. 10 верасьня запрацуюць дзіцячая і моладзевая мастацкія выставы, прысьвечаныя 500-годзьдзю бітвы на Крапівенскім полі, а 23 кастрычніка Саюз беларускіх мастакоў адкрые вялікую выставу ў Палацы мастацтваў», — кажа Мікола Купава.

У аргкамітэт адзначэньня 500-годзьдзя Аршанскай бітвы ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За свабоду», якія таксама маюць запасныя пляны адзначэньня слаўнай для беларускай гісторыі даты.

Так, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што ў Менску і Воршы ўжо пэўны час ідзе распаўсюд адмысловых паштовак-віншаваньняў з 8 верасьня. Апроч гэтага, партыйцы рыхтуюцца да некалькіх выязных мерапрыемстваў:

«Мы ўдзельнічаем у працы арганізацыйнага камітэту, і нягледзячы на тое, што была адмова, лічым вельмі важным, каб адзначэньне гэтай даты адбылося. Мы ўсё адно плянуем наведаць і Воршу, і месца славутай бітвы, дзе стаіць памятны знак, ускласьці кветкі. У Менску і Воршы распаўсюджваюцца адмысловыя паштоўкі, распрацаваныя і выдадзеныя да 500-годзьдзя перамогі пад Воршай. Таксама прадстаўнікі нашай партыі на гэтых выходных наведаюць украінскі горад Роўна, дзе таксама створаны аргкамітэт, які будзе ладзіць імпрэзы для ўшанаваньня памяці Канстанціна Астроскага і 500-годзьдзя бітвы пад Воршай».

У Менску паштоўкі можна знайсьці ў цэнтральным офісе Партыі БНФ.

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што, нягледзячы на дэманстратыўнае нежаданьне ўладаў дапусьціць арганізаванае адзначэньне 500-годзьдзя бітвы пад Воршай, фармальную забарону можна абмінуць, зладзіўшы іншае мерапрыемства, якое не патрабуе дазволу ад мясцовых уладаў:

«Зразумела, што галоўнае мерапрыемства павінна адбыцца ў Воршы і на Крапівенскім полі. У сытуацыі забароны масавага мерапрыемства мы ўсё роўна можам наведаць памятныя мясьціны ў фармаце экскурсіі, для якой не патрэбны дазвол ад мясцовых выканаўчых органаў. Тыя самыя людзі могуць прыехаць, пачуць расповеды гісторыкаў і на свае вочы пабачыць Крапівенскае поле. Таксама нашы актывісты будуць ладзіць імпрэзы ў некалькіх гарадах Беларусі. Гэта будуць і ўрачыстыя сходы, і ўшанаваньне памяці герояў Беларусі».

На думку Юрася Губарэвіча, улады забаранілі сьвяткаваньне не з фармальных прычынаў, пазначаных у лісьце, а з ідэалягічных:

«Гэта ўстаноўка нашай улады — ніякія рэальныя гістарычныя падзеі, зьвязаныя з барацьбой беларусаў з прыгнятальнікамі з усходу, не павінны адзначацца. А яшчэ лепш — павінны быць сьцертыя з памяці людзей. Іншага тлумачэньня тут няма. Фармальныя зачэпкі ў афармленьні заяўкі заўсёды можна абысьці, і ёсьць шмат прыкладаў: калі ёсьць жаданьне дазволіць мерапрыемства, то фармальныя парушэньні выпраўляюцца і даецца дазвол».

Славутая Аршанская бітва адбылася 8 верасьня 1514 году. Амаль 20 гадоў у тых мясьцінах зьбіраюцца ахвотныя згадаць пра гэтую значную гістарычную падзею.

Радыё Свабода, 1 верасня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/801/27433
Текущая дата: 26.12.2024