1 кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Дзень пажылых людзей.
У нашай краіне больш за 2 мільёны чалавек, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, пры гэтым 500 тысяч з іх перасягнулі 75-гадовы ўзрост. Амаль 420 тысяч (кожны пяты пенсіянер) працягвае працаваць. Адной з прычын гэтага самі пажылыя людзі называюць жаданне пазбегнуць адзіноты і заставацца ў калектыве. Толькі ў сталіцы амаль 300 тысяч чалавек перасягнулі 65-гадовы ўзрост, і каля 20% з іх працуюць. Сярод іх ёсць 17 працягваюць працаваць у 90-гадовым і старэйшым узросце, пераважна гэтыя людзі займаюцца навукай і выкладаюць. 89 мінчан перасягнулі 100-гадовы ўзрост, а самая старэйшая жыхарка Мінска якраз у канцы верасня адсвяткуе свой 109-ы дзень нараджэння.
Ад марафону да танцавальных фэстаў
— Сёння Дзень пажылых людзей змяніў сваё значэнне, і гэта не толькі ацэнка і прызнанне працы пажылых грамадзян, але і найперш свята для іх саміх, — адзначыла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, — Яны актыўныя і сёння многае робяць, каб наша краіна развівалася і квітнела.
Ужо другі год усе мерапрыемствы да дня пажылых людзей праходзяць у рамках акцыі «Павага, клопат, адказнасць», якая прызвана падкрэсліць павагу маладых пакаленняў да людзей сталага ўзросту. Сярод значных падзей некалькі мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню. У гэтыя дні праходзіць ІІ Марафон скандынаўскай хадзьбы «Крок да даўгалецця», дзе бяруць удзел каля пяці тысяч пажылых людзей, а гэта ўдвая больш, чым летась.
Яшчэ адно мерапрыемства для актыўных пажылых людзей — адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы «Спартыўнае даўгалецце», што праходзяць у Мінску на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і спорту. У іх таксама прымаюць удзел пажылыя беларусы з усёй краіны.
Для аматараў танца па запытах саміх людзей сталага ўзросту праводзіцца некалькі спецыяльных мерапрыемстваў. Сярод іх — абласны баль у Палацава-паркавым комплексе ў Несвіжы і танцавальны фэст «На крылах танца» у Мінскім гарадскім ДК з разнастайнай праграмай: ад класічных вальсаў да лацінаамерыканскіх і народных танцаў.
Сярод пераваг — праца і актыўны лад жыцця
Цікава, што запыты пажылых людзей з часам мяняюцца, пра што сведчаць даследаванні. Чарговае сёлета правёў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Яно паказала, што пытанні сацыяльнай уключанасці з’яўляюцца вельмі важнымі: кожны трэці апытаны адказаў, што працягвае ці жадае працягнуць працаваць, каб пазбегнуць адзіноты. Што датычыцца стану здароўя, то кожны другі ўдзельнік назваў яго сярэднім, а кожны чацвёрты — добрым. Дарэчы, сёння да паслуг пажылых — Рэспубліканскі і сем рэгіянальных геранталагічных цэнтраў, пры паліклініках — 116 геранталагічных кабінетаў. Расце і папулярнасць школ актыўнага даўгалецця, у краіне іх ужо 581. Кожны другі рэспандэнт адказаў, што аддае перавагу актыўнаму ладу жыцця. І амаль трэць апытаных пенсіянераў сустракаюцца са сваімі блізкімі і сябрамі штодзень ці некалькі разоў на тыдзень.
Найстарэйшаму валанцёру — 90 гадоў
— Улічваючы высокі патэнцыял актыўнасці пажылых людзей, мы развіваем такі кірунак, як валанцёрства. Адзін з прынцыпаў — «Роўны навучае роўнага». Самаму старэйшаму нашаму валанцёру Леаніду Уладзіміравічу Трафімчыку 90 гадоў, ён з Гродзенскай вобласці і праводзіць майстар-класы па шахматах і шашках. Другі кірунак — калі пажылыя людзі навучаюць моладзь. Такі праект пад назвай «Акадэмія дабрыні» рэалізоўваецца Копыльскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Людзі старэйшага пакалення навучаюць моладзь навыкам вядзення хатняй гаспадаркі, — расказала Марына Арцёменка.
А вось у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы і Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.Пушкіна рэалізоўваюцца праекты па навучанні студэнтамі пажылых грамадзян камп’ютарнай адукаванасці, англійскай мове, краязнаўству. Дарэчы, навучыцца карыстацца камп’ютарам можна і пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Працуе 218 такіх гурткоў, у іх займаюцца каля 2 тысяч чалавек. Адметна, што найстарэйшай слухачкай з’яўляецца 94-гадовая жыхарка Мар’інай Горкі. Увогуле, 159 аддзяленняў пры ЦСАНах, якія займаюцца арганізацыяй вольнага часу, карыстаюцца вялікай папулярнасцю і аб’ядноўваюць амаль 17 тысяч пажылых грамадзян.
Арыентацыя на догляд дома
У больш сталым узросце асноўная патрэба пажылых грамадзян — догляд. Для іх найбольш актуальныя пытанні арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання. Як паведаміла Марына Арцёменка, сёння 95 тысяч пажылых грамадзян атрымліваюць сацыяльныя паслугі дома, дзейнічае 32 дагаворы рэнты, у замяшчальных сем’ях пражывае 360 пажылых людзей.
А сама сістэма сацыяльнага абслугоўвання арыентуецца ў першую чаргу на догляд дома. Падрыхтаваны і прыняты ў першым чытанні праект закона «Аб сацыяльным абслугоўванні». Ён прадугледжвае шэраг навацый. У прыватнасці, развіццё сістэмы доўгатэрміновага догляду, якая прадугледжвае інтэграваную сацыяльную і медыцынскую дапамогу, а таксама ўкараненне формы дыстанцыйнага сацыяльнага абслугоўвання. Акрамя таго, у сістэму сацыяльнай абароны ўвойдуць установы новага тыпу — дамы суправаджальнага пражывання. Вядзецца работа над павышэннем іміджу дамоў-інтэрнатаў. Найперш гэта стварэнне ўмоў павышанай камфортнасці і паляпшэнне якасці жыцця пажылых грамадзян.
Алена Кравец
Звязда, 1 кастрычніка 2023
Алена Кравец
Звязда, 1 кастрычніка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/81/71115
Текущая дата: 19.11.2024