Белорусский портал в Казахстане

У шэрагу гарадоў ІП прыпынілі працу



Індывідуальныя прадпрымальнікі ў шэрагу гарадоў Беларусі прыпынілі 1 ліпеня працу на рынках і ў гандлёвых цэнтрах з-за немагчымасці выконваць патрабаванні ўказа прэзідэнта № 222.

Па словах прадстаўніка рэспубліканскага грамадскага аб`яднання "Перспектыва" Вячаслва Піліпука, такая сітуацыя назіраецца ў Баранавічах, Слоніме, Магілёве, Віцебску, Гомелі, Пінску і, магчыма, некаторых іншых гарадах.

Паводле наяўнай інфармацыі, сітуацыя асабліва напружаная ў Баранавічах, дзе прадпрымальнікі выйшлі да будынка мясцовай адміністрацыі і патрабуюць перамоў з гарадскімі чыноўнікамі.

У Мінску ІП працу не прыпынялі. Як растлумачыў Піліпук, сталічныя прадпрымальнікі за гады працы стварылі сабе гэтак званую фінансавую падушку бяспекі, у той час як у рэгіёнах ІП жывуць больш сціпла, за кошт наяўнай выручкі.

Піліпук адзначыў, што "Перспектыва" не займалася арганізацыяй пратэстаў ІП — яны ўзніклі стыхійна, у выніку самаарганізацыі прадпрымальнікаў. "Мы лічым, што прадпрымальнікі і чыноўнікі павінны пасталець. Гэта значыць, што чыноўнікі, якія прымаюць такія рашэнні (нарматыўныя акты, што ўскладняюць працу ІП. — БелаПАН.), павінны быць гатовы да пэўных наступстваў, а прадпрымальнікі павінны мець смеласць прымаць самастойныя рашэнні і несці за сябе адказнасць. Мы не раз гаварылі, што больш, чым самі прадпрымальнікі, за іх ніхто не зробіць у абароне іх правоў. Мы гатовы толькі падтрымаць іх інфармацыйна або юрыдычна", — растлумачыў прадстаўнік РГА "Перспектыва".

Нагадаем, згодна з указам прэзідэнта № 222, які набыў моц 1 ліпеня, ІП абавязаны мець сертыфікаты і дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца імі ў Беларусь пасля гэтай даты. Размова ідзе аб першасных уліковых дакументах, аформленых на тэрыторыі іншай краіны, абавязковых рэквізітах касавага чэка і іншых дакументаў, якія пацвярджаюць аплату тавараў. Гэтае патрабаванне ІП лічаць невыканальным, сцвярджаючы, што ў пастаўшчыкоў (у асноўным расійскіх) атрымаць патрэбныя дакументы практычна немагчыма.

Устаноўлены пераходны перыяд да 1 сакавіка 2015 года, на працягу якога ІП могуць распрадаваць без суправаджальных дакументаў рэшткі тавараў, увезеных да ўваходжання ўказа ў сілу. Гэта, як лічаць самі прадпрымальнікі, дае магчымасць людзям папрацаваць нейкі час у прывычных умовах, але праблему не вырашае.

30 чэрвеня ў Мінску прайшоў форум з удзелам больш як 200 прадпрымальнікаў з Мінска і рэгіёнаў. Паводле вынікаў сустрэчы прынята рэзалюцыя. У ёй кіраўніку дзяржавы прапаноўваецца ўвесці мараторый на правядзенне кантрольных праверак і накладанне штрафных санкцый у дачыненні да прадпрымальнікаў, якія могуць узнікнуць з-за дзеяння ўказа прэзідэнта № 222 і тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы прадукцыі легпрама.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 1 ліпеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/810/26515
Текущая дата: 26.12.2024