Белорусский портал в Казахстане

Галоўнай падзеяй фестывалю сярэднявечнай культуры і музыкі "Наш Грунвальд 2014" будзе рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы



Пра гэта паведаміў 16 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску адзін з арганізатараў фестывалю, кіраўнік экстрым-тэатра Berserk Аляксандр Рак.

"Гісторыя Беларусі пачынаецца не з Другой сусветнай вайны і не з БССР, а мае значна глыбейшыя карані, — падкрэсліў ён. — Адна з славутых старонак нашай гісторыі — Грунвальдская бітва, самая маштабная бітва перыяду сярэдніх вякоў у гісторыі чалавецтва. Як па колькасці воінаў, што ўдзельнічалі адначасова ў бітве, так і па наступствах, якія гэта падзея мела для гісторыі. Хачу адзначыць, што два кіраўнікі войска саюзнікаў — ВКЛ і Каралеўства Польскага — родныя браты Ягайла і Вітаўт былі этнічнымі беларусамі".

Фестываль будзе праходзіць на тэрыторыі музейнага комплексу "Дудуткі" 19—20 ліпеня. Паводле слоў Рака, у рэканструкцыі бітвы возьмуць удзел прадстаўнікі ваенна-гістарычных клубаў Беларусі, Украіны, Расіі, Францыі. Таксама ў праграме фестывалю — пешы і конны рыцарскія турніры, бугурты (масавыя бітвы па правілах сярэднявечнага бою), іншыя спаборніцтвы.

Музычны open-air "Баль пасля бітвы" — па сутнасці, яшчэ адзін асобны фестываль — пройдзе на дзвюх сцэнічных пляцоўках, дзе выступяць больш за 25 музычных калектываў. Сярод іх, у прыватнасці, "Тролль гнёт ель" (Санкт-Пецярбург), беларускія "Стары Ольса", Irdorath, "Нейра Дзюбель", Ceilidh Сeol і іншыя.

Будзе разбіты вялікі лагер па сярэднявечных рамёствах — кавальскай, ганчарнай, зброевай, ювелірнай справе, ткацтве.

Для гледачоў і гасцей будзе прапанаваны бясплатны лагер з месцамі для палатак, з забеспячэннем тэхнічнай вадой.

Дабрацца на фестываль можна будзе не толькі рэйсавымі аўтобусамі Мінск — Дудуткі, але і на электрычцы да станцыі Рудзенск (Асіповіцкі напрамак), адкуль будуць наладжаныя аўтобусныя зносіны.

БелаПАН, 16 чэрвеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/813/26270
Текущая дата: 26.12.2024