Белорусский портал в Казахстане

"Кветкавы рай" адкрыўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі



Мастацкая выстаўка "Кветкавы рай VI" адкрылася 5 сакавіка ў галерэі "Лабірынт" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Удзельнікамі праекта, які лічыцца ўжо добрай традыцыяй, сталі жывапісцы, графікі і фотамастакі, усяго прадстаўлена амаль 60 работ. Мастак Уладзімір Рынкевіч адзначыў, што няма ніводнага жывапісца, які ў сваёй творчасці не выкарыстоўваў тэму кветак. "У аднаго мастака кветкі будуць абазначаць аўтапартрэт, у другога - нейкія падзеі, якія ён перажывае. Што датычыцца мяне, я пішу не кветкі, а асэнсаванне сябе праз кветкі. Пішу іх круглы год, таму кветкі для мяне - гэта ілюстрацыя жыццёвага цыкла", - расказаў ён.

Заснавальніца першай незалежнай беларускай галерэі "Брама" мастацтвазнавец Ларыса Фінкельштэйн лічыць, што кветкавая тэма для жывапісца ў нейкай ступені небяспечная. Кветкі як аб`ект настолькі зацягваюць мастака, што ён забывае аб тым, што ў яго ёсць свая рука, свой погляд. Яна звярнула ўвагу, што на выстаўцы "Кветкавы рай" прадстаўлены работы мастакоў, якія ўмеюць трымаць высокі творчы ўзровень. "Мастаку вельмі цяжка заставацца на вышыні. Ён паспяховы ў тым выпадку, калі яго работы пазнаюць, аднак у іх заўсёды ёсць нешта новае. Кажуць, што на вяршыню гары цяжка ўзысці, яшчэ цяжэй там утрымацца.

На гэтай выстаўцы ёсць такія мастакі, якія з поспехам утрымліваюцца на вяршыні", - падкрэсліла Ларыса Фінкельштэйн.

"Кветкавы рай" задумваўся як праект-віншаванне, каб напярэдадні вясенніх свят нагадаць гледачу пра хуткае абуджэнне прыроды. Наведвальнікі зведаюць багатую гаму пачуццяў, якую дораць кветкі ў пачатку вясны.

Выстаўка працуе да 23 сакавіка.

6 сакавіка 2014, Мінск
Ганна Ільяшэвіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/815/25334
Текущая дата: 20.11.2024