Белорусский портал в Казахстане

На постсавецкай прасторы мінскае метро займае 4-е месца па аб`ёме перавозак пасажыраў



Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі 25 лютага начальнік КУП "Мінскі метрапалітэн" Расціслаў Юрэня.

Сярод 16 метрапалітэнаў краін — рэспублік былога СССР мінскае метро займае чацвёртае месца па аб`ёме перавозак пасажыраў за год пасля маскоўскага, пецярбургскага і кіеўскага.

"У 2013 годзе Мінскі метрапалітэн перавёз 328,3 млн. пасажыраў, у 2012 годзе — 281 млн., — адзначыў ён. — Пасля запуску станцыі "Малінаўка" мы плануем прырост пасажырапатоку прыблізна ў 5%".

Паводле слоў Юрэні, сёння 58% пасажыраў метро купляе аднаразовыя жэтоны.

Ён паведаміў, што з 1 красавіка гэтага года праязныя білеты на грамадскі транспарт у Мінску будуць прадавацца толькі на бескантактных смарт-картах. "Гэта будзе карта, сумешчаная з усімі тыпамі транспарту. Гэта значыць тыя паперкі, якія выдаюцца дадаткова да нашых білетаў на метро на пластыкавых картах, сыдуць. Уся інфармацыя па білеце будзе заганяцца на чып адной радыёкарты", — расказаў Юрэня.

Што тычыцца кошту праезду, то, паводле разлікаў спецыялістаў, да канца гэтага года разліковы тарыф, які дазваляе працаваць без бюджэтных датацый, для метро складзе каля 5.000 рублёў. Для параўнання: за 2013 год гэты тарыф складаў 4.600 рублёў. "Які будзе кошт праезду, мы гэта не ўстанаўліваем, толькі прапаноўваем. Гэта будзе залежаць ад Мінэканомікі і гарадскога кіраўніцтва", — адзначыў Юрэня.

БелаПАН
, 25 лютага 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/816/25172
Текущая дата: 20.11.2024