Белорусский портал в Казахстане

Жанчыны-парламентарыі аб`явілі старт "Эстафеты дабра" ў дапамогу жыхарам Данбаса



Аб гэтым паведаміла член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская.

Па ініцыятыве членаў пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Палаты прадстаўнікоў у супрацоўніцтве з Фондам Аляксея Талая з 25 жніўня стартуе новы інфармацыйна-дабрачынны праект "Эстафета дабра". 

Задача праекта - расказаць грамадскасці аб сітуацыі ў пацярпелых ад ваенных дзеянняў рэгіёнах Данбаса, а таксама аб`яднаць неабыякавых людзей у аказанні пасільнай дапамогі жыхарам і ў першую чаргу дзецям Данбаса.

"Спачатку пярвічная арганізацыя Беларускага саюза жанчын Палаты прадстаўнікоў вырашыла сабраць гуманітарную дапамогу дзецям Данбаса. Мы гэта рэалізавалі, у нас у гасцях пабываў Аляксей Талай. Ён звярнуўся з просьбай зрабіць так, каб гэта дапамога стала больш сістэмнай. А мы яшчэ падумалі аб тым, што вельмі важна падключыць інфармацыйны складнік. І будзе правільна, калі прадстаўнікі працоўных калектываў з першых вуснаў - ад Аляксея Талая, які рэгулярна бывае ў Данбасе, - пачуюць, што там на самай справе адбываецца. Вельмі важна адгукнуцца і аказаць жыхарам Данбаса канкрэтную дапамогу, - расказала Марына Лянчэўская. - Тут у нас дзве мэты. Першая - інфармацыйная, таму што сёння шмат нашых збеглых спрабуюць анансаваць парадак дня, што мы, маўляў, вывозім дзяцей з Данбаса, ледзь не крадзём іх. Мы хочам гэты інфармацыйны трэнд развеяць і паказаць, наколькі там сапраўды цяжкая сітуацыя. І другое - прадэманстраваць усяму свету, што ўсе беларусы гатовы аказаць падтрымку гэтым людзям".

"Эстафета дабра" стартуе 25 жніўня ў Фрунзенскім раёне Мінска. У гэты дзень прадстаўнікі працоўных калектываў збяруцца на сустрэчу на тэрыторыі Цэнтра мастацкай творчасці "Зорка", дзе змогуць паразмаўляць з Аляксеем Талаем, задаць пытанні і даведацца, як і чым дапамагчы жыхарам Данбаса.

"Плануем, што гэта будзе маштабная сустрэча, якая збярэ амаль 300 чалавек. Аналагічныя акцыі плануюць правесці жанчыны-парламентарыі - члены пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын і ў іншых рэгіёнах", - дадала дэпутат.

А яшчэ арганізатары ініцыятывы будуць старацца атрымаць зваротную сувязь ад тых, для каго гэта дапамога арганізавана, і даводзіць іх рэакцыю да беларускай грамадскасці.

21 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/82/70695
Текущая дата: 06.10.2024